Экс-спэцназавец Дэвід Брамлет цяпер працуе ў Фондзе Ромула Ўэзэрмана (Romulus T. Weatherman Foundation), няўрадавай арганізацыі, якая выяўляе і вяртае на радзіму целы амэрыканцаў, што загінулі ў баях ва Ўкраіне. У размове з журналістам Радыё Свабода Брамлет заўважыў:
«Ніякім майстэрскім ударам украінскага Генштабу або Залужнага гэтую вайну ня выйграць. Гэта літаральна будуць пяхотнікі ў палявых умовах з аўтаматамі Калашнікава, якія б’юцца ў траншэях. Менавіта ўкраінскі салдат выйграе гэтую вайну».
«Гэта супрацьстаяньне дабра і зла»
Раней Дэвід Брамлет у якасьці спэцназаўца выконваў місіі ў Іраку і Афганістане. Пасьля гэтага паехаў ваяваць за Ўкраіну. Убачанае там ён называе самай «праведнай вайной», якую на свае вочы можа ўбачыць яго пакаленьне.
«На мой погляд, гэта супрацьстаяньне дабра і зла як яно ёсьць. Калі я вучыўся на апошнім курсе ў асьпірантуры Ўнівэрсытэту Джонза Гопкінза, мы абмяркоўвалі, ці ўварвецца Расея ва Ўкраіну традыцыйным шляхам. І, праўду кажучы, я ня думаў, што яны сапраўды гэта зробяць: я ня думаў, што яны могуць быць такімі тупымі. А яны якраз так і зрабілі».
Дэвід Брамлет расказаў, што ягоны самы горшы дзень у Іраку ці Афганістане, калі ён з таварышамі адчуваў, што ўсё цалкам выйшла з-пад іх кантролю, не ідзе ні ў якае параўнаньне са звычайным днём на вайне ва Ўкраіне.
«І я думаю, што нам, вайскоўцам, давядзецца засвоіць яшчэ шмат урокаў, якія раней не былі засвоеныя заходнімі вайскоўцамі».
«Украінцы такія эфэктыўныя на полі бою, таму што яны матываваныя»
Брамлет спыніў удзел у баявых апэрацыях ва Ўкраіне 1 сьнежня 2022 году. Агулам ён правёў там 10 месяцаў. Эфэктыўнасьць украінскай арміі ён апісвае так:
«Я б сказаў, што яны страшэнна эфэктыўныя. Вам ня трэба быць супэрпрафэсіяналам, каб быць эфэктыўным, праўда? Але возьмем, да прыкладу, атрад „Кракен“. Мы працавалі зь імі вясной, і на той момант яны дзейнічалі няхай і не супэрпрафэсійна, але эфэктыўна. І гэта галоўнае: я ўпэўнены, што гэтыя хлопцы з часам сталі яшчэ больш дасьведчанымі.
Я б сказаў, што ўкраінцы такія эфэктыўныя на полі бою, таму што яны вельмі матываваныя. Гэтыя хлопцы вяртаюць сабе гарады, у якіх яны вырасьлі, дамы, у якіх яны вырасьлі, дзе ў іх у юнацтве быў першы пацалунак. Уявіце сябе на іх месцы: я думаю, вы былі б вельмі матываваныя, нягледзячы на небясьпеку. Іх узровень прымальнай рызыкі нашмат вышэйшы. І так і павінна быць, гэта дарэчы».
Расейскіх вайскоўцаў, абапіраючыся на ўбачанае, ён называе «зусім некампэтэнтнымі».
«Я ўсё яшчэ думаю, што мы, асабліва на Захадзе, пераацэньваем магчымасьці расейскіх вайскоўцаў. Калі вы пагледзіце на тое, што адбываецца з расейскімі ўзброенымі сіламі: усе паказчыкі ў іх альбо на плято, альбо ідуць уніз, таму што яны нясуць шмат страт. І ў іх былі забітыя многія афіцэры, якія навучаюць салдат. У расейскім войску шмат шараговых падразьдзелаў, частак, але таксама ў ім ёсьць элітныя часткі, самыя вопытныя хлопцы, якія займаюцца навучаньнем іншых. І вось гэтыя кадры, гэтыя вопытныя хлопцы таксама былі адпраўленыя на фронт, фактычна ў мясарубку. Яны страцілі ня толькі свае самыя вопытныя баявыя адзінкі, але таксама людзей, якія павінны навучаць новыя баявыя адзінкі. Увогуле, у іх усе паказчыкі на плято і ідуць уніз, а ва ўкраінскай арміі яны, наадварот, узьлятаюць».
«Расея зараз перажывае спад»
На будучыню Ўкраіны Брамлет глядзіць з аптымізмам.
«Думаю, Украіна шмат чаго дабʼецца. Я не зьбіраюся рабіць здагадкі пра ўкраінскі контранаступ ці пра тое, як яны зьбіраюцца гэта рабіць. Але мяркуючы па тым, што я бачыў у расейцаў і ва ўкраінцаў, я думаю, усё пойдзе вельмі добра. Расея цяпер перажывае спад, і ў інтарэсах Украіны — дачакацца ідэальнага моманту для ўдару. Лічу, што мы ўжо атрымалі сьведчаньні іх высокага прафэсіяналізму. Генштаб УСУ, Валеры Залужны (галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны) і гэтак далей — я думаю, яны даволі добрыя ў тым, што яны робяць».