Як паведамляе Кіеўская гарадзкая ваенная адміністрацыя, аскепкі зьбітай ракеты трапілі ў 25-павярховы дом у Саламянскім раёне. Яны пашкодзілі будаўнічыя канструкцыі на 16, 17, 18 і 19 паверхах, у выніку чаго ўзьніклі асобныя пажары. У 06:30 пажар ліквідаваны.
«У выніку нападу 11 чалавек атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці, трое зь іх шпіталізаваныя. Былі знойдзеныя целы двух загінулых. Выратаваны 24 чалавекі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Сама меней 40 аўтамабіляў каля дома таксама пацярпелі ад абломкаў, якія ўпалі. Паводле зьвестак адміністрацыі, расейскія войскі выпусьцілі ракеты Х-101/555 са стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС з раёна Касьпійскага мора. Пад Кіевам было зьбіта больш за 20 ракет.
Таксама расейскія войскі ў ноч на суботу масіўна абстралялі Днепр, Харкаў і Крамянчуг. Паветраную трывогу аб’яўлялі на ўсёй тэрыторыі краіны.
Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў пра ўдар ракетамі С-300 па Слабадзкім раёне горада.
У Дняпры ў выніку абстрэлу «некалькі дамоў разбураныя дашчэнту», заявіў мэр горада Барыс Філатаў. Паводле яго, у выніку выбуху ўтварылася «велізарная варонка». Ёсьць пацярпелыя.
Мінабароны Расеі не камэнтавала ўдары.