У Лёндане 21-22 чэрвеня на канфэрэнцыі аб аднаўленьні Ўкраіны больш за чатырыста сусьветных кампаній паабяцалі падтрымаць аднаўленьне разбуранай вайной эканомікі. Тэлеканал Euronews адзначае, што, паводле ацэнак Сусьветнага банка, першапачатковая сума неадкладнай дапамогі складзе 14 мільярдаў даляраў.
Для поўнага аднаўленьня эканомікі Украіны спатрэбіцца 411 мільярдаў даляраў. Па меры працягу канфлікту гэтыя лічбы будуць расьці, вынікае з справаздачы Сусьветнага банка.
Эўразьвяз прадставіў на лёнданскай канфэрэнцыі сярэднетэрміновы інструмэнт падтрымкі Ўкраіны на 50 мільярдаў эўра. Вялікая Брытанія анансавала праграму падтрымкі Ўкраіны ў памеры 3 мільярды фунтаў на наступныя тры гады.
Злучаныя Штаты аб'явілі аб выдзяленьні 1,3 мільярда даляраў. Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) паабяцаў падтрымаць украінскія дзяржаўныя энэргетычныя кампаніі «Укргідроенерго», «Укренерго», «Нафтогаз України» на суму 600 мільёнаў эўра.
Кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак 22 чэрвеня падчас онлайн-выступу на лёнданскай канфэрэнцыі сказаў:
«Нам патрэбна новая эканоміка і магутны эканамічны скачок, які стане драйвэрам для ўсёй Эўропы».
Першы віцэ-прэмʼер і міністар эканомікі Ўкраіны Юлія Сьвірыдзенка заявіла, што Ўкраіна паставіла сабе мэту за 10 гадоў нарасьціць ВУП са 161 мільярда даляраў да аднаго трыльёна. Краіне неабходна мець моцнае войска колькасьцю больш за 500 тысяч чалавек і разьвіваць сацыяльную сфэру, адукацыю, ахову здароўя.