Гэта вынікае з заявы першага намесьніка міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Бахановіча.
Як паведамляе ТАСС, на палях II Моладзевага форуму краін СНД 8 чэрвеня ў Сочы Аляксандар Бахановіч на пытаньне аб супрацоўніцтве з «новымі рэгіёнамі Расеі» адказаў:
«Так, зараз прапрацоўваюцца такія магчымасьці, але зразумела, што гэта на пэрспэктыву, таму што там разбураная інфраструктура і ўнівэрсытэты пакуль у поўную меру не функцыянуюць».
Па словах Бахановіча, у часы СССР у Беларусі «былі вельмі добрыя сувязі з Данецкам, з Луганскам, з усімі гэтымі рэгіёнамі».
«У нас былі і сумесныя канфэрэнцыі, і сумесныя распрацоўкі, абмен, таму проста трэба аднавіць гэтыя сувязі», — сказаў намесьнік міністра.
Ён дадаў, што супрацоўніцтва паміж Масквой і Менскам у сфэры адукацыі «ўмацоўваецца з кожным днём».
3 чэрвеня дзяржсакратар так званай Саюзнай дзяржавы Дзьмітры Мязенцаў заявіў, што ў «аздараўленчых лягерах Менскай вобласьці» пабывала больш за 2 тысячы дзяцей з так званых «данецкай і луганскай народных рэспублік» — раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, якія не кантралююцца Кіевам.
Кіеў кваліфікуе падобную практыку як незаконнае перамяшчэньне. Офіс генпракурора Ўкраіны завёў крымінальную справу па факце «прымусовай дэпартацыі больш за 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторый Данбаса, Луганскай, Запарожскай, Херсонскай і Харкаўскай абласьцей, у тым ліку ў Беларусь.
17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў РФ.
«Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» (НАУ) на чале з намесьнікам старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэта Паўлам Латушкам падрыхтавала справаздачу па фактах перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Паводле яго інфармацыі, на тэрыторыю краіны было вывезена сама меней 2150 дзяцей, у тым ліку 12 сірот, чые асобы ідэнтыфікаваныя.
Латушка і яго каманда прадставілі справаздачу кіраўніцтву Рады Эўропы, Эўрапарлямэнта, Генпракуратуры Украіны. НАУ дамагаецца прыцягненьня да адказнасьці за незаконную дэпартацыю дзяцей не толькі Аляксандра Лукашэнку, але і ўсіх, хто ў Беларусі спрыяў гэтаму працэсу.