Гендырэктар холдынгу «Гарызонт» Юры Прадко паведаміў, што беларускі ноўтбук пастаўляюць ужо ў 18 краін сьвету, уключна з Расеяй і Казахстанам.
«Асноўныя краіны — Расея, Казахстан, Армэнія. Мы выкарыстоўваем уласнае праграмнае забесьпячэньне. А гэта і ёсьць гарантыя бясьпекі кіраваньня кампутарам дыстанцыйна. З гэтага пункту гледжаньня мы даволі сур’ёзна прасунуліся», — сказаў гендырэктар «Гарызонту».
Пакуль у Беларусі прадаюцца 5 мадэляў айчыннага ноўтбука. Самы танны каштуе 1119 рублёў 86 капеек і мае наступныя характарыстыкі:
- Манітор: 14.0″ 1920×1080, TN+Film, 60 Гц
- Працэсар: Intel Celeron N5100 1100 МГц
- Памяць: 8 ГБ LPDDR4
- Дыск: SSD 256 ГБ
Сярэдні варыянт каштуе 1927,5 рубля:
- Манітор: 15.6″ 1920×1080, IPS, 60 Гц
- Працэсар: Intel Core i5 1155G7 2500 МГц
- Памяць: 8 ГБ DDR4
- Дыск: SSD 512 ГБ
Самы дарагі каштуе 2399 рублі і мае такое начыньне:
- Манітор: 15.6″ 1920×1080, IPS, 60 Гц
- Працэсар: Intel Core i7 1195G7 2900 МГц
- Памяць: 16 ГБ DDR4
- Дыск: SSD 512 ГБ
Нягледзячы на словы гэндырэктара «Гарызонту» пра «ўласнае праграмнае забесьпячэньне», на ўсіх ноўтбуках прапісана, што там усталяваная Windows 11 амэрыканскай карпарацыі Mіcrosoft.
У якіх краінах можна набыць?
Ноўтбукі беларускай вытворчасьці ў онлайн-продажы знаходзім толькі ў Расеі. Напрыклад, у онлайн-гіпэрмаркеце eldorado самая дарагая мадэль каштуе 66 999 рублёў. Гэта 2372 беларускія рублі па курсе на 21 чэрвеня. То бок у Беларусі такі ноўтбук каштуе нават даражэй на 27 беларускіх рублёў.
Кансультант гіпэрмаркэту пры гэтым адзначае, што «за такую цану іншыя падобныя ноўтбукі скончыліся 5–6 месяцаў таму».
Другая мадэль ад Horizont, якую знаходзім у Расеі, каштуе таньней — 53 999 расейскіх або 1912 беларускіх рублёў. Гэта сярэдні варыянт, які ў Беларусі прадаецца таньней — за 1874 рублі.
Раней новыя беларускія ноўтбукі параўноўвалі зь лінейкай Itel Spirit, бо яны вельмі падобныя як зьнешне, так і па тэхнічных характарыстыках. Ноўтбук Itel Spirit 2 i5/16+512GB з такімі ж, як і ў «гарызонтаўскага», парамэтрамі каштуе ў расейскім гіпэрмаркеце таньней за свой беларускі аналяг — 42 999 расейскіх рублёў, або 1528 беларускіх.
Да беларускага ноўтбука за 1912 рублёў таксама падобная мадэль Lenovo IdeaPad 3 15ITL6. Каштуе яна 42 999 расейскіх рублёў, або 1528 беларускіх. Гэта на 20% таньней, чым беларускі аналяг.
Мы паспрабавалі знайсьці беларускі ноўтбук ад Horizont у онлайн-гіпэрмаркетах і крамах іншых краін, аднак беспасьпяхова. Згадкі пра яго няма нават у названых гэндырэктарам Horizont Армэніі і Казахстане.