Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ноўтбук і смартфоны: Што зьбіраліся імпартазамяшчаць і што з гэтага атрымалася


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Першы беларускі ноўтбук паабяцалі сабраць яшчэ ў 2009 годзе. Глядзім, што з імпартазамяшчэньнем, пра якое ўвесь час кажуць чыноўнікі.

Ноўтбукі

Пра зборку першага беларускага ноўтбука загаварылі ў 2009 годзе. Нібыта, гэта мелася зрабіць кампанія «Інтэгралтэхнікс» — дачка беларускага заводу «Інтэграл». Тады пісалі, што ноўтбук ужо ёсьць і праходзіць сэртыфікацыю.

Ноўтбук тады так і не зьявіўся, а на кіраўнікоў кампаніі завялі крымінальную справу за налепкі «Інтэграл» на маніторах Acer і Philips, якія імітавалі, нібыта іх вырабілі не сусьветна вядомыя брэнды, а беларускія вытворцы.

Цяпер сайт кампаніі «Інтэгралтэхнікс» не адчыняецца, а на сайце «Інтэграла» ў сьпісе прадукцыі няма ноўтбукаў. Няма ноўтбукаў і манітораў беларускай вытворчасьці і на паліцах беларускіх крамаў.

Смартфоны

У 2008 годзе беларускае прадпрыемства «Прамсувязь» выпусьціла свой мабільны тэлефон — «Евротеф-М». У тэлефоне нават была камэра. Тады чыноўнікі гаварылі пра выпуск першай партыі ў тысячу адзінак.

Адмыслоўцы, якія тэставалі тэлефон, тады казалі, што зь беларускага ў ім — толькі зборка, усе дэталі кітайскай вытворчасьці. Папулярнасьці прадукт не займеў і даволі хутка сышоў з продажу.

Сыр зь цьвільлю

У 2018 годзе ў Лёзьне вырашылі наладзіць вытворчасьць сыру зь белай цьвільлю. На запуск лініі патрацілі каля 4 мільёнаў эўра. У выніку цэх вытворчасьці гэтага сыру сышоў у мінус па рэнтабэльнасьці, сыры папулярнасьцю не карысталіся.

Цяпер на паліцах беларускіх крамаў — сыры зь цьвільлю вытворчасьці іншых краін. Аднак чыноўнікі не здаюцца — у Вялейцы зьбіраюцца пачаць рабіць сыр камамбэр. Запусьціць вытворчасьць плянуюць у 2023 годзе.

Мэбля і будаўнічыя матэрыялы з дрэва

У 2007 годзе з падачы Аляксандра Лукашэнкі пачалі падтрымліваць прадпрыемствы, якія займаюцца дрэваапрацоўкай. Шэрагу дрэваапрацоўчых заводаў выдзелілі крэдыты агульнай сумай больш як на 1 мільярд даляраў.

Па задуме, пасьля мадэрнізацыі дрэваапрацоўчыя заводы меліся пачаць выпускаць мэблю і сучасныя будаўнічыя матэрыялы з дрэва, якія будуць карыстацца папулярнасьцю і пойдуць на экспарт. Аднак большасьць дрэваапрацоўчых заводаў па сёньня стратныя.

«Магілёўдрэў» за 2021 год меў 305 тысяч рублёў прыбытку. «Івацэвічдрэў» зарабіў 2,5 мільёна рублёў, але даўгі (як доўгатэрміновыя так і кароткатэрміновыя) складаюць больш за 231 мільён рублёў. Гэта ў 92 разы больш за штогадовы прыбытак.

Кавуны і дыні

Кавуны і дыні на сваім падворку пачаў вырошчваць Лукашэнка, за гаспадаркай сочыць загадчык лябараторыі тэхналягічных дасьледаваньняў Інстытуту агародніцтва Мечыслаў Сьцяпура.

Нібыта летась на падворку сабралі 45 тонаў кавуноў. Аднак масава вырошчваць у Беларусі кавуны гаспадаркі не пачалі. На паліцах крамаў звычайна і кавуны, і дыні, якія вырасьлі за мяжой: у Казахстане, Расеі, а часам і ў Грэцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG