Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастар царквы «Новае жыцьцё» пра знос будынку: «Прасіце літасьці ў Бога, каб ён дараваў вам»


Пастар Вячаслаў Ганчарэнка, архіўнае фота
Пастар Вячаслаў Ганчарэнка, архіўнае фота

Пастар пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» запісаў відэазварот з нагоды зносу будынку, за які вернікі змагаліся некалькі гадоў.

Вячаслаў Ганчарэнка назваў знос царквы «насьмешкамі бязбожных людзей» і «блюзьнерствам» і заявіў, што Бог бачыць усе дзеяньні.

«Мне як пастару хочацца стаць на гэтых развалінах і проста крыкнуць: „Слава Госпаду!“. Бо Бог, ён усё бачыць. І ён бачыць сёньня нашы пакуты, ён бачыць наш смутак, наш боль».

Пастар згадаў у відэазвароце складаную гісторыю царквы і адзначыў, што наперадзе «вялікія перамены», якія будуць для царквы «дабром».

У лютым 2021 году царкву выселілі з будынку, які вернікі раней самі пераабсталявалі ў дом малітваў з кароўніка. Улады патрабавалі ад пратэстантаў 180 тысяч даляраў падатку, які царква па законе ня мусіла плаціць. 20 чэрвеня 2023 улады пачалі знос будынка, на яго месцы нібы зьбіраюцца будаваць школу.

Перасьлед царквы «Новае жыцьцё»

  • Грамада хрысьціянаў поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» была зарэгістраваная ў 1992 годзе.
  • У 2002 годзе яна купіла былы кароўнік тады яшчэ ў вёсцы Сухарава Менскага раёну, адрамантавала яго і стала праводзіць у ім набажэнствы.
  • У 2005 годзе гарадзкія ўлады пазбавілі рэлігійную грамаду права карыстаньня зямельным участкам.
  • У кастрычніку 2006 году вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Калі сытуацыя вакол «Новага жыцьця» займела шырокі міжнародны рэзананс, улады адступілі.
  • У 2009 будынак царквы афіцыйна перадалі на балянс ЖРЭА Маскоўскага раёну.
  • У 2020 годзе вернікі «Новага жыцьця» пасьля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаваньняў, ілжывых сьведчаньняў у судах, маніпуляцый.
  • 17 лютага 2021 году судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэньні сілавікоў падчас малітвы. Яны апісалі маёмасьць, а вернікаў выгналі, пагражаючы арыштам.
  • На месцы царквы ўлады плянуюць збудаваць школу з басэйнам, а навокал — густанаселены мікрараён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG