Праваабаронцу Насту Лойку білі электрашокерам, таму што яна забылася воблачны пароль ад тэлеграма, пра гэта расказала расейская журналістка Кацярына Яньшына, якая правяла 15 сутак на Акрэсьціна, паведамляе «Вясна».
«Дзяўчыну, якая проста забылася на свой пароль, катавалі токам. Яе білі электрашокерам у пятку, каб не было сьлядоў. Гэта было з праваабаронцай Настай Лойкай. Калі я адмовілася даць паролі, мне расказалі гэтую гісторыю. І я потым сядзела думала: цікава, колькі ўдараў токам я вытрымаю, перш чым зламаюся і дам паролі?», — расказала Яньшына.
Раней на адным з судоў Наста сама расказвала пра катаваньні — супрацоўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў бяз вопраткі на 8 гадзін, за тое, што яна напісала скаргу.
У Менску ідзе разгляд крымінальнай «справы „Вясны“». Па гэтым факце на этапе сьледзтва дапыталі ў якасьці падазраванай праваабаронцу Насту Лойку.
Яна адмовілася даваць паказаньні наконт дзейнасьці Праваабарончага цэнтру «Вясна» і працы яго сяброў. Пры гэтым яна адмаўляла факты перамяшчэньня ёю грашовых сродкаў празь мяжу.
- Праваабаронцу Насту Лойку затрымалі ў кастрычніку 2022 году. Цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА-1 Менску. Яе абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх.
- Паводле інфармацыі Human Constanta, падчас арышту Насту двойчы адводзілі на гутаркі з супрацоўнікамі ГУБАЗіКу, дзе адзін раз яе ўдарылі электрашокерам, а 11 лістапада адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў бяз вопраткі на 8 гадзін.