Як высьветліў партал Reform.by, гэты малады чалавек — грамадзянін Расеі і родам з Сургуту.
Прапагандыст Рыгор Азаронак у суботу ў сваёй аўтарскай перадачы «Тайныя спружыны палітыкі» на тэлеканале СТВ распавёў пра сваю паездку на акупаваную тэрыторыю Ўкраіны і паказаў «беларуса», які ваюе ў складзе акупацыйных расейскіх войскаў. Імя яго не называлі, паказалі толькі пазыўны «Салавей».
У рэпартажы няма дакладнай даты здымкі, піша Reform.by, але мяркуючы па рэпартажах яшчэ адной прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай, якая таксама была разам з Азаронкам на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны, інтэрвію было запісана 11 чэрвеня.
«Я б хацеў перадаць бабулі, дзядулю прывітаньне. Яны з Горадні. І бацьку. Таксама ён з Горадні. Вось. Імя, прозьвішча называць ня буду. Яны мяне ўбачаць, зразумеюць, хто я», — распавёў у кароткім інтэрвію вайсковец РФ.
Як высьветліў Reform.by, яго завуць Уладзіслаў Аляксандравіч Салаўёў. Нарадзіўся 28 красавіка 1999 году. Ён радавы і служыць у вайсковай частцы 55351.
У профілі ВК ён чамусьці ўказаў, што адносіцца да ПВК «Вагнер», а ў рэпартажы Лебедзевай гаворыцца аб тым, што Салаўёў служыць у інтэрнацыянальнай брыгадзе «Квача».
Паводле парталу Zerkalo.io, маладога чалавека прызвалі ў першую хвалю мабілізацыі ў верасьні 2022 году з Сургуту і некалькі месяцаў ён знаходзіўся ў «вучэбцы» у Омску. Менавіта ў Омску ў кастрычніку 2022 году мабілізаваныя выступілі з патрабаваньнем увесьці крэдытныя канікулы для іх і іх сем’яў, забясьпечыць матэрыяльныя выплаты. У гэты час Уладзіслаў Салаўёў знаходзіўся там. Ён публікаваў адозву і фота з таго ж лягера. Празь некалькі месяцаў іх адправілі на фронт.
Мяркуючы па фота з блога, малады чалавек раней адслужыў у расейскім войску. Ёсьць сумеснае фота з яго бацькам:
Як піша Zerkalo.io, чалавек побач з Уладзіславам, вельмі падобны да Аляксандра Дзямешчыка, жыхара расейскага мястэчка Ханымей. Там ён працуе начальнікам участку ў сыстэме ЖКГ.