Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія ўлады: у Херсонскай вобласьці зьнішчаны расейскі склад боепрыпасаў


Сьпікер камандаваньня Паветраных сіл Украіны Юрый Ігнат, ілюстрацыйнае фота
Сьпікер камандаваньня Паветраных сіл Украіны Юрый Ігнат, ілюстрацыйнае фота

Расейскі склад боепрыпасаў зьнішчаны на акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласьці, паведамілі прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў.

«Нашы ўзброеныя сілы нанесьлі добры ўдар і раніцай вельмі гучна ў пасёлку Рыкава Генічанскага раёну, часова акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласьці. Там быў вельмі значны склад БК. Ён зьнішчаны», — паведаміў кіраўнік Грамадзкай рады пры Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук.

Раней фатаграфіі і відэазапісы буйнога выбуху, як мяркуецца, у ваколіцах Генічэска сталі распаўсюджвацца ў мясцовых тэлеграм-каналах. На іх бачны вялізны шлейф дыму, які ўзнімаецца далёка на гарызонце, і чуваць гукі выбухаў.

Пра выбухі на складзе таксама паведаміў мэр Мелітопаля Іван Фёдараў. Паводле яго слоў, выбухі на складзе пачаліся каля 4-ай раніцы.

Сьпікер камандаваньня Паветраных сіл Украіны Юрый Ігнат пацьвердзіў зьнішчэньне склада боепрыпасаў расейскіх вайскоўцаў каля акупаванага Генічаска ў Херсонскай вобласьці.

«Вы ўжо, відаць, бачылі працу ў вёсцы Рыкава, падпаленыя склады боепрыпасаў. Камандуючы ўжо падзякаваў у сябе ў афіцыйным тэлеграм-канале хлопцам за добрую працу», — падкрэсьліў Ігнат у эфіры ўкраінскага тэлемаратона.

Расейскі бок пакуль ніяк не камэнтаваў гэтыя заявы.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Рыкава знаходзіцца прыкладна ў 20 км ад Генічэска, партовага горада на беразе Азоўскага мора, акупаванага зь першых дзён поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG