Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Украіны ня чуў пра беларуска-ўкраінскія перамовы ў Львове, пра якія казаў Лукашэнка


Ігар Кізім. Архіўнае фота
Ігар Кізім. Архіўнае фота

Лукашэнка днямі расказаў аб перамовах беларускага боку з Украінай пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі, якія нібыта адбываліся ў Львове.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, які цяпер у Кіеве, расказаў «Радыё Ўнэт», што пра такую сустрэчу ня мае зьвестак.

«Афіцыйна нічога падобнага не было. Можа быць, калі была сустрэча ў Белавескай пушчы, нехта зь беларускага боку паехаў у Львоў. Але я пра гэта ня ведаю, афіцыйна не камэнтаваў і камэнтаваць ня буду. Там, дзе я быў на перамовах, а я быў у Белавескай пушчы, я бачыў, што беларусаў там не было», — сказаў Кізім.

Амбасадар адзначыў, што Лукашэнка шукаў кантакту з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім:

«Тэлефанаваў, спрабаваў. Але я ня чуў, каб пасьля перамоваў у Белавескай пушчы былі нейкія кантакты. Прынамсі я не прымаў удзел у іх арганізацыі. Заўсёды ў такіх выпадках удзельнічае амбасада, амбасадар падключаецца».

Паводле Кізіма, зараз ён бачыць зрашчэньне дзяржаўных органаў Беларусі і Расеі ў рамках інтэграцыі дзьвюх дзяржаваў.

14 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што кіраўніцтва Ўкраіны нібыта прапанавала Беларусі перамовы. І яны адбываліся некалькі разоў у Львове на ўзроўні міністра замежных справаў зь беларускага боку і кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірылы Буданава — з украінскага боку.

«Мы паехалі церазь мяжу іхную, міністар замежных справаў паехаў туды (і цяперашні таксама), ня першы раз, селі ў Львове, вядзем перамовы. Нібы нармальна. Даведаліся амэрыканцы... Пайшлі нейкія непаразуменьні. Яны нам прапануюць: „Давайце наступны раз у Стамбуле“. Ды пайшлі вы на... Які Стамбул? Чаго мы ў Стамбул паедзем?», — сказаў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG