Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочаму да 3000 рублёў, інжынэру ў кітайскай кампаніі — 9500. Знайшлі самыя цікавыя вакансіі ў Менску на фоне дэфіцыту кадраў


Рабочы ў Менску. Ілюстратыўнае фота
Рабочы ў Менску. Ілюстратыўнае фота

У Менску антырэкорд на рынку працы — шукаюць адразу 31 тысячу розных спэцыялістаў. Некаторым прапануюць да 18 000 рублёў. Сабралі самыя прывабныя вакансіі.

На сёньня ў базе вакансій і рэзюмэ ад Мінпрацы па Менску — 31 960 вакансій, і гэта антырэкорд на сталічным рынку працы за апошнія часы. На пачатку сакавіка вакансій у сталіцы Беларусі было амаль на 5 тысяч менш.

Сталічнаму рынку працы трэба 2393 сьлесары, 1975 мэдыцынскіх сясьцёр, 1796 лекараў, 1329 рабочых, 1286 інжынэраў, 1285 кіроўцаў. Глядзім, якія вакансіі ў гэтым сьпісе найбольш прывабныя.

Намесьнік старшыні банка — да 9750 рублёў

Банк «Дабрабыт» шукае намесьніка старшыні праўленьня. Ад кандыдата патрабуюць вышэйшай адукацыі, досьведу працы ня менш за 2 гады на кіроўнай пасадзе ў банку, нябанкаўскай крэдытнай арганізацыі ці міжнароднай фінансавай арганізацыі.

Таксама трэба наяўнасьць пасьведчаньня ад Нацбанку, што кандыдат адпавядае такой пасадзе. Будучаму намесьніку старшыні праўленьня прапануюць заробак ад 7875 да 9750 рублёў. Гэта 5,5 сярэдняга беларускага заробку. Вакансія сьвежая, зьявілася 14 чэрвеня.

Камандзір паветранага судна — да 18 000 рублёў

Авіякампанія «Белавія» шукае камандзіра паветранага судна на Boeing-737. Ад кандыдата патрабуецца веданьне ангельскай мовы, вышэйшая адукацыя.

Вакансія зьявілася 27 красавіка гэтага году, то бок камандзіра судна шукаюць ужо другі месяц на заробак, роўны 10 сярэднім па Беларусі.

Інжынэр-электрык — да 9500 рублёў

Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Бел Хуавэй Тэхноладжыс» гатовае плаціць інжынэру-тэхнолягу ад 5000 да 9500 рублёў. Патрабуюць наяўнасьць вышэйшай адукацыі, валоданьне кітайскай і ангельскай мовай на выдатным узроўні.

Такога спэцыяліста кампанія шукае ўжо з 2 сакавіка, чацьвёрты месяц.

Спэцыяліст у продажах — да 6000 рублёў

Арганізацыя «Будсувязь-2008», якая спэцыялізуецца па будаўніцтве станцый сотавай сувязі, шукае спэцыяліста ў продажы. Прапануюць ад 1500 да 6000 рублёў (звычайна на такіх пасадах заробак залежыць ад продажу). З патрабаваньняў — свабоднае валоданьне кітайскай і добрая ангельская мова.

Вакансія ў базе вісіць з канца красавіка, трэці месяц.

Мэнэджар у прадстаўніцтва кітайскай кампаніі — да 6500 рублёў

Прадстаўніцтва кітайскай кампаніі Air China у Беларусі ў пошуках мэнэджара ў сваё прадстаўніцтва. Ад кандыдата патрабуюць валоданьня кітайскай мовай, веданьня рынку грузавых перавозак і досьведу працы ў авіякампаніі ня менш за 7 гадоў. Гатовыя плаціць ад 4000 да 6500 рублёў.

Шукаюць такога спэцыяліста з канца траўня, адзін месяц.

Большасьць вакансій з заробкамі ад 5000 рублёў, якія знаходзім, належаць да банкаўскай сфэры (дырэктар, начальнік аддзелу, кіраўніцтва банку), прадстаўніцтва кітайскіх фірмаў, ІТ-сфэра.

Лекар — да 6000, рабочы — да 3000

Самы высок заробак, які прапануюць лекару — да 6000 рублёў. Гэта лекар УГД у прыватную кампанію «Мэдыцынская ініцыятыва», патрабуюць досьвед працы 3 гады, валоданьне кампутарам і адсутнасьць шкодных звычак.

Самы высокі заробак рабочаму, які прапануюць у базе вакансій, — ад 2000 да 3000 рублёў. Патрабуюць 4-5 разрад, 2 гады досьведу працы і прафэсійна-тэхнічную адукацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG