Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МАГАТЭ прыбыў ва Ўкраіну, каб ацаніць рызыкі для бясьпекі Запароскай АЭС


Архіўнае фота. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі падчас сустрэчы ў Кіеве, 30 жніўня 2022
Архіўнае фота. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі падчас сустрэчы ў Кіеве, 30 жніўня 2022

Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі прыбыў ва Ўкраіну 13 чэрвеня. Ён сустрэўся з Уладзімірам Зяленскім, а 14 чэрвеня адправіцца на Запароскую АЭС, каб асабіста ацаніць наступствы для яе прарыву Кахоўскай ГЭС.

Уладзімер Зяленскі вітаў рашэньне Гросі асабіста наведаць Запароскую АЭС і адзначыў, што пасьля выбуху на Кахоўскай ГЭС рызыкі для бясьпекі станцыі значна вырасьлі.

Рафаэль Гросі заявіў, што падчас візыту на ЗАЭС зьбіраецца асабіста ацаніць сытуацыю пасьля падрыву дамбы: у якім стане знаходзяцца водныя каналы і сажалка-ахаладжальнік атамнай станцыі, а таксама спытаць расейцаў, ці не замінаваная сажалка, а таксама якія меры прымае кіраўніцтва станцыі, каб потым «зрабіць больш дакладную ацэнку таго, якая небясьпека нам пагражае».

«На падставе той інфармацыі, якую прадставіла мая каманда, вады (у сажалцы) будзе дастаткова на некалькі тыдняў ці, магчыма, на пару месяцаў», — сказаў Гросі на прэс-канфэрэнцыі, але дадаў, што сытуацыя нестабільная, улічваючы, што зусім побач ідуць баі.

Паводле Гросі, ён таксама плянуе наведаць Расею ў наступныя некалькі дзён ці тыдняў.

  • 6 чэрвеня ва ўкраінскай кампаніі «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне ўсімі атамнымі электрастанцыямі ва Ўкраіне, заявілі, што падрыў дамбы на Кахоўскім вадасховішчы стварае дадатковыя пагрозы для бясьпекі акупаванай расейцамі Запароскай АЭС.
  • Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. Цяпер усе яе блёкі спыненыя, але яна патрабуе вонкавых энэрга- і водарэсурсаў для падтрыманьня сыстэм бясьпекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG