Пра гэта сьведчаць зьвесткі, апублікаваныя на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка Беларусі.
Сярэдні памер пераводу, атрыманага ў Беларусі ў першым квартале 2023 году, склаў 271,48 даляра. Летась ён перавышаў 298 даляраў.
Агульная сума грашовых пераводаў, адпраўленых зь Беларусі ў першым квартале 2023 году, таксама зьнізілася — на 19,19% у параўнаньні зь першым кварталам 2022-га: каля 32,99 млн даляраў у эквіваленце супраць 40,82 млн даляраў у студзені — сакавіку 2022 году. Сярэдняя сума аднаго перавода ў першым квартале — 211 даляраў, у 2022 годзе яна была роўная 393,86 даляра.
Сярэдняя сума аднаго пераводу, адпраўленага за мяжу, таксама ў першым квартале 2023 году ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам летась зьнізілася з 299,6 да 211,05 даляра (у эквіваленце).
Пры падліку ўлічваліся грашовыя пераводы праз расейскія плацежныя сыстэмы «Юнистрим», «Золотая корона», Contact «Сбербанк Онлайн» і амэрыканскую Money Gram.
- Увесну 2022 году, з пачаткам поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, асноўныя міжнародныя сыстэмы грашовых пераводаў адмовіліся працаваць на тэрыторыі Беларусі. Шэрагу беларускіх банкаў таксама давялося адмовіцца ад некаторых сыстэм, так што працэдура пераводу грошай з-за мяжы ўскладнілася.
- Так, амэрыканская кампанія Western Union з 24 сакавіка 2022-га прыпыніла ўсе апэрацыі ў Беларусі. Раней пераводы грошай Western Union у Беларусі ажыцьцяўлялі большасьць аддзяленьняў вядучых банкаў краіны.
- Таксама зь Беларусьсю перастала працаваць Ria Money Transfer.