Злачынствы былі ўчыненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краінаў — удзельніц Рымскага статуту, таму патэнцыйна падлягаюць юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), гаворыцца ў заяве на сайце Міністэрства юстыцыі Літвы.
У звароце ў МКС урад Літвы адзначыў, што «ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 траўня 2020 году і дагэтуль супраць цывільнага насельніцтва Беларусі на загад высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і вайсковых чыноўнікаў зьдзяйсьняюцца злачынствы супраць чалавечнасьці».
Сярод злачынстваў, якія з траўня 2020 году Аляксандар Лукашэнка зьдзяйсьняў пры дапамозе чыноўнікаў, вайскоўцаў, сілавікоў, прадстаўнікоў судовай сыстэмы і інш., у дакумэнце пералічваюць пазбаўленьне мірных грамадзян асноўных правоў, адвольныя затрыманьні і судовы перасьлед, гвалт сілавікоў, катаваньні, незаконныя забойствы, бесчалавечнае і зьневажальнае абыходжаньне з затрыманымі, запалохваньне і перасьлед, прымусовая праца і інш.
У заяве адзначаецца, што рэжым Лукашэнкі «гвалтоўна перасяліў сотні тысяч жыхароў Беларусі на тэрыторыю суседняй Літвы і іншых дзяржаў-удзельніц, уключаючы тыя, якія суседнічаюць зь Беларусьсю, без падставаў, дазволеных міжнародным правам» (гаворка, верагодна, пра беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму праз пагрозу палітычнага перасьледу — рэд.). Мэта гэтых дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі, як мяркуюць улады Літвы, заключаецца ў тым, каб «пазбавіцца любымі сродкамі ад усіх крытыкаў і апанэнтаў», а таксама «ўмацаваць аўтарытарную ўладу».
У сукупнасьці гэтыя дзеяньні «ўяўляюць сабой злачынствы супраць чалавечнасьці трох розных тыпаў: незаконная дэпартацыя, перасьлед і іншыя бесчалавечныя дзеяньні, і, магчыма, іншыя зьвязаныя зь імі злачынствы», гаворыцца ў заяве.
«Хоць Беларусь не зьяўляецца дзяржавай — удзельніцай Міжнароднага крымінальнага суда, МКС можа ажыцьцяўляць сваю юрысдыкцыю, калі хаця б частка дзеяньняў мае месца на тэрыторыі дзяржавы-ўдзельніцы. У гэтым выпадку [ёсьць] ахвяры, якія перасякаюць тэрыторыю Літвы і іншых дзяржаў-удзельніц у выніку высылкі або іншых прымусовых дзеяньняў і/ці іншых зьвязаных зь імі злачынстваў», — гаворыцца ў дакумэнце.
Урад Літвы «пераканаўча просіць канцылярыю пракурора расьсьледаваць усе мінулыя, цяперашнія і будучыя злачынствы, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю МКС, пра якія ідзе гаворка, зьдзейсьненыя на тэрыторыі Беларусі і часткова на тэрыторыі Літвы, прынамсі, з 1 траўня 2020 году», гаворыцца ў заяве.
Ціханоўская: Літва — першая краіна, якая зьвярнулася ў МКС, каб прыцягнуць да адказнасьці рэжым Лукашэнкі
Літва стала першай краінай, якая скарысталася сваім правам у межах Рымскага статуту і зьвярнулася ў Міжнародны крымінальны суд, каб расьсьледаваць злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя рэжымам у Беларусі, адзначыла дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.
«Мы ўдзячныя ўраду Літвы за прынцыповае рашэньне і дзеяньне. Сотням тысячаў пацярпелых, усім ахвярам рэпрэсіяў гэта дае надзею. Надзею на справядлівасьць, надзею на тое, што злачынствы не застануцца беспакаранымі. Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да міжнароднай адказнасьці, рэпрэсіі — спыненыя. Усе незаконна асуджаныя павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя», — заявіла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту, прэзыдэнт-элект Сьвятлана Ціханоўская.
Як падкрэсьліў Павал Латушка, створаны гістарычны прэцэдэнт, бо ўпершыню ў гісторыі Міжнароднага крымінальнага суду дзяржава — удзельніца Рымскага статуту перадала на разгляд Офісу пракурора сытуацыю ў дзяржаве, якая ня ёсьць удзельніцай гэтага статуту.
«Акрамя таго, упершыню ў фокусе ўвагі МКС будзе кантэкст маштабных міжнародных злачынстваў у Беларусі. І гэты крок, гэты прэцэдэнт і гэты працэс ужо нельга спыніць. Адказнасьць за гэтыя злачынствы непазьбежная. І тым важней, што гэта адбываецца ў гістарычны момант, калі права сілы спрабуе аспрэчыць сілу права. Паверыўшы ў сваё „права сілы“, аўтакраты і дыктатары спрабуюць перакроіць сьвет пад сябе. Але прыйшоў час для справядлівасьці і правасудзьдзя. Лукашэнка марыў увайсьці ў гісторыю. Яму гэта ўдалося. Ува ўсіх падручніках пра яго будуць успамінаць не як пра першага прэзыдэнта, а як пра апошняга беларускага дыктатара і міжнароднага злачынцу», — падкрэсьліў намесьнік кіраўніцы Кабінэту, кіраўнік НАУ Павал Латушка, які сёньня прыехаў у Гаагу.
Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны — удзельніцы Рымскага статуту падтрымаць намаганьні літоўскага боку і агульнае імкненьне ўсіх беларусаў забясьпечыць правасудзьдзе для соцень тысяч ахвяраў і прыцягнуць Лукашэнку й ягоных саўдзельнікаў да адказнасьці за злачынствы, якія ён учыніў і надалей чыніць.
Форум