Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп стаў першым былым прэзыдэнтам ЗША, супраць якога ў судзе выставілі фэдэральныя абвінавачаньні


Дональд Трамп. Архіўнае фота
Дональд Трамп. Архіўнае фота

У Маямі пройдзе суд супраць зкс-прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа праз абвінавачаньне ў несанкцыянаваным захоўваньні сакрэтных дакумэнтаў.

Былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у аўторак быў узяты пад варту ў будынку суда ў Маямі, дзе яму выстаўляюць крымінальныя абвінавачаньні ў тым, што ён пасьля адстаўкі незаконна захоўваў дакумэнты, зьвязаныя з нацыянальнай бясьпекай, і хлусіў прадстаўнікам улады, якія спрабавалі іх вярнуць.

Па словах прадстаўніка суду, Трамп і ягоны былы памочнік Уолт Навута былі затрыманыя перад выстаўленьнем абвінавачання, запланаваным на 15:00 па ўсходнім часе. Пасьля выстаўленьня абвінавачаньня Трампа адпусьцяць пад падпіску пра нявыезд. Паседжаньне суду праходзіць у закрытым рэжыме, паведамляе Голас Амэрыкі.

Фэдэральныя ўлады ўзмацнілі ахову вакол будынку суду, а афіцыйныя асобы Маямі заявілі, што гатовыя на выпадак агрэсіі з боку прыхільнікаў экс-прэзыдэнта і пратэстоўцаў.

«У нашым горадзе мы верым у Канстытуцыю і лічым, што людзі павінны мець права выказвацца. Але мы таксама верым у правапарадак. І мы гэта ведаем, і мы спадзяёмся, што дзень будзе мірным», — сказаў напярэдадні мэр Маямі Фрэнсіс Суарэс на прэсавай канфэрэнцыі.

9 чэрвеня Фэдэральны суд ЗША апублікаваў 37 абвінавачваньняў у дачыненьні да Дональда Трампа. Былога прэзыдэнта Злучаных Штатаў сярод іншага абвінавачваюць у несанкцыянаваным захоўваньні сакрэтных дакумэнтаў і змове з мэтай перашкодзіць правасудзьдзю, пасьля таго, як ён пакінуў Белы дом у 2021 годзе.

Судовае рашэньне было абнародаванае ў дзень, калі двое юрыстаў заявілі, што ня будуць прадстаўляць інтарэсы былога прэзыдэнта, а былому памочніку экс-прэзыдэнта Ўолту Навуце выставілі абвінавачаньні ў сувязі зь неналежным абыходжаньнем з сакрэтнымі паперамі ў рэзыдэнцыі Трампа.

Па самым «цяжкім» з артыкулаў абвінавачаньня Трампу пагражае да 20 гадоў турмы. Былы прэзыдэнт ЗША ужо заявіў ва ўласнай сацсетцы, што віны не прызнае.

Журналісты называюць абвінавачаньні ў дачыненні да былога прэзыдэнта, выстаўленыя фэдэральнай пракуратурай, беспрэцэдэнтнымі — у гісторыі ЗША такога не здаралася.

Акрамя таго, працэс будзе праходзіць на фоне прэзыдэнцкай перадвыбарнай гонкі. Выбары адбудуцца налета і Трамп зьяўляецца адным з кандыдатаў, які ў лідэрах апытаньняў. Але судовы перасьлед ня будзе перашкодай для правядзеньня выбарчай кампаніі.

Трамп і яго палітычныя саюзьнікі называюць перасьлед помстай з боку прэзыдэнта-дэмакрата Джо Байдэна. У сваю чаргу Белы дом заявіў, што загадзя аб абвінаваўчым заключэньні адносна экс-прэзыдэнта ня ведаў.

У жніўні летась Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў правяло ў рэзыдэнцыі Трампа Мар-а-Лага ў Флорыдзе ператрус. Тады было канфіскавана 11 камплектаў сакрэтных дакумэнтаў і каля двух дзясяткаў скрынак, пра зьмесьціва якіх не паведамлялася.

Трамп заяўляў, што канфіскацыя праводзілася незаконна, паколькі многія з дакумэнтаў ён рассакрэціў сам падчас свайго прэзыдэнцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG