Аляксандар Лукашэнка 13 чэрвеня ў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай прызнаў, што ня зможа самастойна выкарыстоўваць тактычную ядзерную зброю і гэтае пытаньне яму трэба будзе папярэдне ўзгадніць з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.
«Вось часта чую: „А, вось гэтую расейскую зброю без Расеі ён не прыменіць“. Слухайце, калі пачнецца вайна, я што, буду глядзець па баках?! Ды не. Зьняў трубку — дзе б ён (Пуцін. — Рэд.) ні быў, ён патэлефанаваў — я зьняў трубку, у любы момант. Нават вось зараз. Таму ну ў чым праблема ўзгадненьня нейкага там удару? Гэта не пытаньне!», — сказаў Лукашэнка.
У гутарцы са Скабеевай ён таксама заявіў, што ў Беларусі ўжо ёсьць ракеты і бомбы з з Расеі:
«У нас ракеты і бомбы. Мы атрымалі ад Расеі. Бомба ў тры разы больш магутная, чым у Хірасіме і Нагасакі. Там больш за 80 тысяч імгненна загінула, 250 тысяч ад аднаго ўдару. А гэта адна бомба ў тры разы больш магутная. Гэта, ну я ня ведаю, пад мільён чалавек загіне адразу. Не дай бог ужываць гэтую зброю. Але гэта ўсё ж такі абмежаваная тэрыторыя», – заявіў Лукашэнка. Ён сказаў, што захоўвацца ядзерная зброя будзе на некалькіх пляцоўках.
Перад гэтым Лукашэнка казаў зусім іншае, што прывоз расейскай ядзернай зброі толькі рыхтуецца:
«Усё гатова. Думаю, пройдзе некалькі дзён, і мы будзем мець тое, што мы і прасілі. І нават крыху больш», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Як паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, Лукашэнка сказаў, што разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброяй было «ягонай просьбай і настойлівым патрабаваньнем да расейскага боку, каб гарантаваць бясьпеку нашай краіны». Таксама Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ядзерная зброя зьявіцца ўжо празь некалькі дзён.
Аляксандар Лукашэнка зьняпраўдзіў, што Расея прымяркоўвае разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі да саміту NATO у Вільні (Літва) каб выкарыстоўваць гэта для шантажу.
«Расея ні да чога не імкнецца. Не ў Расеі справа», — сказаў Лукашэнка.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прычына прымяненьня такой зброі, паводле яго, можа быць толькі адна — агрэсія супраць Беларусі:
«І адказ будзе неадкладным. Я гэта загадзя гаварыў ужо некалькі разоў. Я думаю, наўрад ці камусьці захочацца ваяваць з краінай, у якой ёсьць такая зброя. Гэта зброя стрымліваньня».
«Ня дай Бог мне давядзецца прымаць рашэньне на прымяненьне гэтай зброі ў сучасны час. Але ніякага ваганьня ня будзе, калі толькі супраць нас будзе агрэсія», — сказаў Лукашэнка.
Таксама Лукашэнка патлумачыў, што менавіта ён будзе лічыць агрэсіяй супраць Беларусі. Паводле яго, напрыклад, дывэрсія ў Мачулішчах ці памежныя інцыдэнты ня могуць разглядацца ў якасьці агрэсіі, і нават падзеі ў Белгарадзкай вобласьці Расеі не зьяўляюцца агрэсіяй, хоць гэта «моцная правакацыя».
«„Чырвоныя лініі“ для мяне — гэта поўнамаштабная агрэсія. З любога боку зараз, акрамя Расеі, натуральна. А вось Прыбалтыка, Польшча і Ўкраіна... — заявіў ён. — Вось калі яны войскамі пяройдуць мяжу, ня гэтымі атрадзікамі, і пачнуць вайну — гэта агрэсія», — дадаў Лукашэнка.
Якую міжнародную дамову гэта парушае
Беларусь і Расея — удзельнікі Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі. Згодна з дамовай, кожная зь яго дзяржаў-удзельніц абавязуецца не перадаваць і не прымаць такой зброі. У тым ліку ў выглядзе прамога або ўскоснага кантролю.
Аб разьмяшчэньні ў Беларусі тактычных ядзерных зарадаў расейскай арміі стала вядома ў сакавіку. Тады прэзыдэнт Расіі Ўладзімір Пуцін заяўляў, што размова не ідзе аб перадачы ядзернай зброі Менску. Цяпер Лукашэнка кажа, што зброю фактычна вяртаюць Менску.
«Спачатку я прасіў Пуціна. Потым я настойліва па-сяброўску запатрабаваў — вярні мне пакуль гэтую (тактычную, а не стратэгічную) зброю. Мне яе дастаткова», — сказаў Лукашэнка. — «Гэта было маё патрабаваньне. Гэта не Расія мне навязвала. Чаму? Таму што з ядзернай дзяржавай, як вы ўсё кажаце, ніхто яшчэ ў сьвеце не ваяваў».
Пасьля распаду Савецкага Саюзу Беларусь стала адной з трох краін – удзельніц былога СССР, якія пагадзіліся добраахвотна адмовіцца ад ядзерных узбраеньняў. Краіна ўпершыню заявіла аб сваім намеры стаць бязьядзернай зонай у 1990 годзе ў дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Вывад ядзернай зброі зь яе тэрыторыі завяршыўся ў 1996 годзе, калі Лукашэнка ўжо два гады займаў пасаду прэзыдэнта краіны.
12 чэрвеня афіцыйны прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі заявіў, што ў ЗША пакуль ня бачаць прыкметаў таго, што ядзерная зброя ўжо перамяшчаецца з Расеі ў Беларусь.
Джон Кірбі назваў заявы Аляксандра Лукашэнкі «безразважным і безадказным» падыходам у размовах аб ядзерным патэнцыяле.
На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 9 чэрвеня ў Сочы Пуцін заявіў, што «мерапрыемствы, зьвязаныя з разьмяшчэньнем» тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі пачнуцца адразу ж пасьля таго, як 7–8 ліпеня на яе тэрыторыі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў».
25 траўня ў Маскве Лукашэнка заявіў, што перасоўваньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусь ужо пачалося. На ўдакладняльнае пытаньне, ці знаходзіцца ўжо ядзерная зброя ў Беларусі, Лукашэнка адказаў: «Магчыма. Я прыеду — пагляджу».
Міністры абароны Беларусі і Расеі 25 траўня падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў Беларусі. Кіраўнік Мінабароны Расеі заявіў, што «кантроль над ім і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.
Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.
Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:
«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.
Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.
16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».
Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.
13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.
19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.