Аляксандар Лукашэнка выкарыстаў паездку па Менскай вобласьці, каб агучыць некалькі важных тэзісаў, прапанаваць сваю вэрсію падзей, якія мелі апошнім часам вялікі розгалас. Казаў пра матывы памілаваньня Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі, абверг чуткі пра сваё дрэннае здароўе. Але асаблівую ўвагу аддаў тэме ядзернай зброі.
Сьцісла:
- У палітычнай і экспэртнай супольнасьці склалася ўстойлівае перакананьне, што Расея выкарыстоўвае ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі дзеля рэалізацыі сваіх геапалітычных мэтаў.
- Лукашэнка імкнецца пераканаць сваіх прыхільнікаў, што гэтая зброя разьмяшчаецца тут у інтарэсах Беларусі.
- Паводле Лукашэнкі, Пуцін быў вымушаны выканаць ягонае патрабаваньне і вярнуць ядзерную зброю.
- З словаў Лукашэнкі вынікае, што галоўны тут ён, а Расея — толькі малодшы партнэр.
У зьвязку з апошнімі заявамі Лукашэнкі і Пуціна, афіцыйнай інфармацыяй міністэрстваў абароны дзьвюх краін, у палітычнай і экспэртнай супольнасьці склалася ўстойлівае перакананьне, што Расея выкарыстоўвае Беларусь дзеля рэалізацыі сваіх геапалітычных мэтаў. Крэмль разглядае беларускую тэрыторыю толькі ў якасьці інструмэнта для падвышэньня ставак у сваёй вайне супраць Украіны і Захаду. Менавіта так можна трактаваць і рэпліку Пуціна падчас ягонай сустрэчы з Лукашэнкам 9 чэрвеня, зь якой вынікае, што ён інфармуе беларускага ўладара пра тое, што Расея робіць у Беларусі з гэтай зброяй.
У выніку разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі стала новым дадатковым і важным чыньнікам кантролю Расеі над Беларусьсю.
Тое, што так лічаць на Захадзе, ва Ўкраіне, у асяродзьдзі праціўнікаў Лукашэнкі, для яго, можа, ня так і важна. У іх вачах яму ўжо няма чаго губляць. Але вядома, што супраць разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі выступае 75–80% беларусаў. То бок сярод іх шмат ягоных прыхільнікаў, у тым ліку і ў асяродзьдзі кіроўнай эліты. Вось гэта непрыемна. І Лукашэнка паспрабаваў абвергнуць, зьняпраўдзіць такія ўяўленьні. Увесь ягоны патас быў скіраваны на тое, каб даказаць, што гэта зроблена на просьбу Менску, у інтарэсах Беларусі, і выкарыстоўваць гэтую зброю будзе менавіта ён.
Лукашэнка кажа: «Не ў Расеі справа... Спачатку я прасіў Пуціна. Потым я настойліва па-сяброўску запатрабаваў — вярні мне пакуль гэтую зброю... Гэта было маё патрабаваньне. Гэта не Расея мне навязвала».
То бок атрымліваецца, што не Расея навязала Беларусі гэтае рашэньне, а наадварот, Беларусь — Расеі. Лукашэнка запатрабаваў, і Пуцін быў вымушаны саступіць, пайсьці насустрач. Усе павінны зразумець, хто галоўны ў гэтым дуэце сяброў па няшчасьці.
9 чэрвеня ў Сочы Пуцін інфармаваў Лукашэнку, што «7–8 ліпеня заканчваецца падрыхтоўка адпаведных збудаваньняў» для разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. А цяпер Лукашэнка цьвердзіць, што менавіта беларускі бок выканаў усе патрабаваньні, неабходныя для захоўваньня гэтай зброі: «Мы ўсё падрыхтавалі і рэалізуем тую праграму, якую з прэзыдэнтам Расеі намецілі... Расейцы, калі прыехалі, ахнулі».
То бок расейцы тут увогуле ні пры чым, яны, недарэкі, толькі ахаюць, дзівячыся на беларусаў, а ўсю падрыхтоўчую працу робяць беларускія грамадзяне.
А навошта ж разьмяшчаецца тут ядзерная зброя? Высьвятляецца, што расейскія матывы тут зусім не прысутнічаюць. Усё робіцца выключна дзеля інтарэсаў Беларусі. Лукашэнка запэўнівае: «Навошта гэта трэба? Каб ніводная нага нейкіх сволачаў не ступала больш на беларускую зямлю... Я думаю, наўрад ці камусьці захочацца ваяваць з краінай, у якой ёсьць такая зброя».
А хто ж будзе прымаць рашэньне пра выкарыстаньне гэтай зброі? Мяркую, вы ўжо здагадаліся. «Ня дай бог, мне давядзецца прымаць рашэньне на прымяненьне гэтай зброі ў наш час. Але ніякага ваганьня ня будзе, калі толькі супраць нас будзе агрэсія», — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.
Нагадаю, што сам Уладзімір Пуцін, ягоны прэсавы сакратар Дзьмітрый Пяскоў, міністар абароны РФ Сяргей Шайгу катэгарычна адзначалі, што гаворка ідзе менавіта пра расейскую ядзерную зброю і менавіта Крэмль будзе вырашаць, калі, як і супраць каго яе прымяняць.
З словаў жа Лукашэнкі вынікае, што галоўны тут ён, а Расея — малодшы партнэр.
А хто ж патэнцыйны агрэсар, супраць якога нібыта разьмяшчаецца тут ядзерная зброя? Лукашэнка назваў толькі полк Каліноўскага. Мусіць, войска, КДБ, МУС разам з тэрытарыяльнай абаронай і народным апалчэньнем ня справяцца. Трэба яшчэ ядзерная бомба.
Незразумела, ці ўдалося Лукашэнку апраўдацца, даказаць сваім прыхільнікам беларускую і сваю пэрсанальную суб’ектнасьць у гэтай справе. Але ён моцна стараўся. Хоць вонкава гэта выглядала даволі гратэскава.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.