Лінкі ўнівэрсальнага доступу

SIPRI: ЗША і Расея нарасьцілі колькасьць разгорнутых ядзерных боегаловак


Расейскі ракетны комплекс «Сармат»
Расейскі ракетны комплекс «Сармат»

Глябальная бясьпека ў 2022 годзе заўважна пагоршылася ў параўнаньні з тым, што было дзесяць гадоў таму. У сьвеце пачасьціліся войны, павялічыліся ваенныя выдаткі, абвастрылася праблема харчовай бясьпекі.

Да такой высновы прыйшлі экспэрты Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблем міру (SIPRI).

Асобна экспэрты вылучаюць вайну Расеі супраць Украіны: яна ўзмацніла канфрантацыю паміж буйнымі дзяржавамі, а гэта «аслабіла кантроль над узбраеньнямі і зрабіла дыпляматыю менш эфэктыўнай», гаворыцца ў апублікаваным у панядзелак штогадовым дакладзе SIPRI.

Экспэрты адзначаюць, што па меры пагаршэньня геапалітычных адносін ядзерныя дзяржавы — ЗША, Расея, Вялікая Брытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Пакістан, Паўночная Карэя і Ізраіль — нарошчваюць колькасьць разгорнутых ядзерных боегаловак і працягваюць мадэрнізаваць свае ядзерныя арсэналы. Некаторыя зь іх у 2022 годзе разгарнулі новыя сыстэмы ўзбраеньняў, якія маюць ядзерныя зарады або здольныя іх несьці, гаворыцца ў дакладзе SIPRI.

ЗША і Расея валодаюць амаль 90% наяўнай у сьвеце ядзернай зброі, адзначаецца ў дакладзе. Каля 2 тысяч боегаловак — амаль усе яны належаць Расеі і ЗША — знаходзіліся ў стане павышанай боегатоўнасьці. Імі былі абсталяваныя ракеты, або яны былі разьмешчаныя на авіябазах стратэгічнай авіяцыі.

Кітай нарасьціў свой ядзерны арсэнал з 350 боегаловак да 410. SIPRI лічыць, што колькасьць кітайскіх балістычных ракет да канца дзесяцігодзьдзя можа зраўняцца з расейскім або амэрыканскім паказчыкам.

Францыя працягвала працу па стварэньні атамнай падлодкі, абсталяванай балістычнымі ракетамі трэцяга пакаленьня. Індыя і Пакістан пашыралі ядзерныя арсэналы і працягвалі распрацоўку новых сыстэм дастаўкі, гаворыцца ў дакладзе. КНДР у 2022 годзе не праводзіла ядзерных выпрабаваньняў, але зрабіла больш за 90 пробных ракетных пускаў. Некаторыя з запушчаных ракет могуць абсталёўвацца ядзернымі боегалоўкамі.

Поўнамаштабнае ўварваньне ў лютым 2022 году дзяржавы, якая валодае ядзернай зброяй, у суседнюю краіну, якая такой зброяй не валодае, прывяло да значных збояў у двухбаковым і шматбаковым узаемадзеяньні па кантролі за ядзернымі ўзбраеньнямі, гаворыцца ў дакладзе SIPRI.

Асобна ў дакладзе разглядаецца прыпыненьне дыялёгу паміж Масквой і Вашынгтонам па стратэгічнай стабільнасьці. Расея, якая пагражала ўжыць ядзерную зброю ў вайне супраць Украіны, у лютым заявіла, што прыпыняе ўдзел у дамове СНУ-3. Злучаныя Штаты спынілі адпраўку Расеі апавяшчэньняў, якія патрабуюцца паводле дамовы.

Як адзначаецца ў дакладзе, сусьветныя вайсковыя выдаткі ў 2022 годзе павялічваліся восьмы год запар і перавысілі два трыльёны 200 мільярдаў даляраў — гэта самы высокі ўзровень, калі-небудзь зафіксаваны Стакгольмскім міжнародным інстытутам дасьледаваньня праблем міру.

Пры гэтым асноўны ўплыў на рост вайсковых выдаткаў зрабіла менавіта вайна ва Ўкраіне. Больш за ўсіх выдаткавалі ЗША — 877 мільярдаў даляраў, або 39% ад усіх вайсковых выдаткаў у сьвеце. Самы імклівы рост выдаткаў на вайсковыя патрэбы паказала Эўропа — на 13% за год, што стала максымальным значэньнем з часоў «халоднай вайны». Абаронныя выдаткі Расеі, нягледзячы на санкцыі, вырасьлі летась прыкладна на 9,2%, да 86,5 мільярда даляраў. Уласныя вайсковыя выдаткі Ўкраіны вырасьлі больш як у сем разоў — да 44 мільярдаў даляраў. Гэта рэкордны рост выдаткаў на абарону якой-небудзь краіны, зафіксаваны SIPRI.

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG