Прэмʼер-міністар Канады Джастын Трудо прыбыў у Кіеў зь неабвешчаным візытам, разам зь ім прыляцела кіраўніца канадзкага Міністэрства фінансаў Хрысьця Фрыланд, паведамляе Reuters.
Свой візыт Трудо пачаў з наведваньня Міхайлаўскай плошчы і разьмешчанага там мэмарыялу памяці абаронцаў Украіны.
Трудо плянуе сустрэцца з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім. Мяркуецца, што яны абмяркуюць падтрымку Кіева з боку Атавы, у тым ліку аднаўленьне Ўкраіны.
Гэта другі візыт Джастына Трудо з пачатку вайны Расеі супраць Украіны. Мінулы раз канадзкі прэмʼер наведваў Кіеў у траўні 2022 году. У траўні гэтага году Трудо і Зяленскі сустракаліся ў Хірасіме на палях саміту «Вялікай сямёркі».
У Канадзе пражывае адна з найбуйнейшых украінскіх дыяспар. З пачатку вайны Атава пастаўляе Кіеву ўзбраеньні, надае фінансавую і гуманітарную дапамогу.