Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікаваныя вынікі бюджэту за 2022 год: менш сродкаў на мэдыцыну і адукацыю, болей — на сілавы блёк


Нацыянальна-прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь апублікаваў праект закону «Аб зацьвярджэньні справаздачы аб выкананьні рэспубліканскага бюджэту за 2022 год».

Як вынікае з дакумэнту, летась дэфіцыт бюджэту склаў чатыры мільярды рублёў: даходы склалі 28,6 мільярдаў рублёў, а выдаткі — 32,6 мільярдаў рублёў.

Прыярытэтнай у бюджэце ў 2022 годзе была падтрымка сілавога блёку.

Так, выдаткі на абарону павялічыліся на 26% ад сумы, якая першапачаткова была закладзеная ў бюджэце. Пры гэтым расходы на ахову здароўя зьменшыліся на 9,7%, а на адукацыю выдаткавалі на 8% меней, чым плянавалі.

Так, выдаткі рэспубліканскага бюджэту на нацыянальную абарону ў 2022 годзе склалі амаль 2,29 млрд рублёў, на судовую, праваахоўную дзейнасьць і гарантаваньне бясьпекі — 3,25 млрд рублёў.

У прыватнасьці, выдаткі на органы ўнутраных спраў у 2022 годзе склалі 1,219 млрд. рублёў, на пракуратуру — 116,1 млн. рублёў, на памежную службу — 338,78 млн. рублёў, на крымінальна-выканаўчую сыстэму — 276,8 млн. рублёў. На Камітэт дзяржаўнай бясьпекі выдаткавалі 236,56 млн. рублёў, а на органы судовай улады — 171,05 млн. рублёў.

Служба бясьпекі Лукашэнкі абышлася падаткаплацельшчыкам у 39,5 мільёнаў рублёў.

Тым часам выдаткі на ахову здароўя склалі каля 1,7 млрд рублёў, на адукацыю — 1,34 млрд рублёў, на сацыяльную палітыку — 2,27 млрд рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG