«Наша ўспрыманьне ад гэтай вайны, ад гэтага канфлікту — трывога, таму што гэта прама ўплывае на ўсе нашы адносіны», — цытуе Пашыняна прэс-служба ўраду Армэніі.
Паводле яго, на Захадзе «больш» заўважаюць, што Армэнія — саюзьнік Расеі, пры гэтым у Маскве бачаць, што Ерэван не падтрымлівае вайны ва Ўкраіне.
Атрымліваецца, што Армэнія нічыя саюзьніца ў гэтай сытуацыі, а значыць, яна ўразьлівая, адзначыў Пашыньян. Пры гэтым, паводле кіраўніка армянскага ўраду, чым складанейшая сытуацыя, тым меншае поле для манэўраваньня.
«Мы лявіруем не таму, што ў нас няма меркаваньня аб сытуацыі, а таму, што ў нас, на жаль, занадта шмат уласных праблем, што не дазваляе нам быць больш уцягнутымі ў вырашэньне іншых пытаньняў», — заявіў прэмʼер-міністар Армэніі.
Раней Пашыньян казаў, што Армэнія «ня можа сабе дазволіць» трапіць пад санкцыі Захаду за падтрымку Масквы, нягледзячы на сяброўства ў Эўразійскім эканамічным саюзе і «глыбокія эканамічныя і стратэгічныя адносіны» з Расеяй.
У траўня Пашыньян заявіў, што Армэнія пакуль не прыняла рашэньня аб удзеле ў сумесных вучэньнях Арганізацыі Дамовы калектыўнай бясьпекі (АДКБ).
Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава на гэта заявіла:
«Калі гэта фігура мовы, для таго, каб пралабіяваць пазыцыю аб выхадзе Армэніі з АДКБ, то мне здаецца, што ўсё ж трэба разумець усю небясьпеку маніпуляваньня словамі».
У адказ Пашыньян заявіў, што прадстаўнік МЗС Расеі не павінен камэнтаваць яго словы, а можа толькі прымаць іх да ўвагі.
Раней Пашыньян неаднаразова крытыкаваў АДКБ, у прыватнасьці сьцьвярджаючы, што арганізацыя не заняла дастаткова выразную пазыцыю ў канфлікце Армэніі з Азэрбайджанам. Пры гэтым пра тое, што Ерэван мае намер выйсьці з арганізацыі, ён не казаў.
Прэмʼер-міністар Армэніі быў адным зь сямі лідэраў краін СНД, якія прысутнічалі на парадзе з нагоды Дня перамогі ў Маскве 9 траўня.