Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія заявіла аб гатоўнасьці прызнаць Нагорны Карабах тэрыторыяй Азэрбайджану і выйсьці з АДКБ


Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сустрэчы з журналістамі, 22 траўня 2023
Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сустрэчы з журналістамі, 22 траўня 2023

Прэм’ер Армэніі заявіў, што і Азэрбайджан у сваю чаргу гатовы прызнаць тэрыторыяй Армэніі 29,8 тысячы квадратных кілямэтраў.

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў аб гатоўнасьці прызнаць 86,6 тысячы квадратных кілямэтраў, уключаючы Нагорны Карабах, тэрыторыяй Азэрбайджану.

«86 600 квадратных кілямэтраў таксама ўключае і Нагорны Карабах. Але варта адзначыць, што мы гаворым пра тое, што пытаньне армянаў Нагорнага Карабаху і іхных правоў і бясьпекі павінна абмяркоўвацца ў фармаце Баку — Стэпанакерт», — цытуе армянскае інфармацыйнае агенцтва «Армэнпрэс» словы Нікола Пашыньяна.

Прэм’ер Армэніі дадаў, што і Азэрбайджан у сваю чаргу гатовы прызнаць тэрыторыяй Армэніі 29,8 тысячы квадратных кілямэтраў.

Нікол Пашыньян таксама заявіў, што пытаньне магчымага выхаду Армэніі з АДКБ па-ранейшаму застаецца ў парадку дня краіны.

«Чаму паднялі гэтае пытаньне? Таму што наша разуменьне такое, што АДКБ пакінула або пакідае Рэспубліку Армэнію. Іншымі словамі, калі Рэспубліка Армэнія ўхваліць дэ-юрэ рашэньне аб выхадзе з АДКБ, то гэта адбудзецца ў выніку рэгістрацыі Рэспублікай Армэніяй выхаду АДКБ з Армэніі», — сказаў прэм’ер Армэніі.

Пазьней Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна паведаміў, што Расея прадоўжыць дыялёг з Армэніяй наконт АДКБ.

Раней сакратар Рады бясьпекі Армэніі Армэн Грыгар’ян заявіў, што на тле неэфэктыўнасьці Арганізацыі дагавору аб калектыўнай бясьпецы ў верасьні 2022 году ў часе «прамой агрэсіі Азэрбайджану» абмяркоўвалася пытаньне аб выхадзе з АДКБ. Ён таксама паведаміў, што Расея не выконвае вайсковых кантрактаў, падпісаных у 2021 годзе вартасьцю «сотні мільёнаў даляраў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG