Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі ўрад: Бязьвіз на «Славянскі базар» — патэнцыйная нагода для новай хвалі нелегальнай міграцыі


Афіша «Славянскага базару» у Віцебску, Беларусь. 10 ліпеня 2019
Афіша «Славянскага базару» у Віцебску, Беларусь. 10 ліпеня 2019

Польшча ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады

Расея і Беларусь працягваюць гібрыдную апэрацыю з выкарыстаньнем мігрантаў, накіраваную на дэстабілізацыю Эўропы, у тым ліку Польшчы, заявіў дзяржаўны сакратар канцылярыі прэм’ер-міністра, намесьнік міністра — каардынатара спэцыяльных службаў Станіслаў Жарын.

«Маршрут нелегальнай міграцыі, які вядзе зь Беларусі на Захад, застаецца актыўным і падтрымлівае міграцыйны ціск на нашу ўсходнюю мяжу», — напісаў ён у Twitter.

Ён назваў «патэнцыйнай новай нагодай для прыцягненьня мігрантаў з краін павышанай рызыкі ў Беларусь» міжнародны музычны фэстываль «Славянскі базар у Віцебску».

Бязьвізавы рэжым для яго ўдзельнікаў і гасьцей, на думку Жарына, можа прывесьці да «павелічэньня прытоку людзей у Беларусь», што будзе выкарыстана беларускімі спэцслужбамі для «актывізацыі гібрыднай апэрацыі, якая праводзіцца на нашай усходняй мяжы».

30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў даты фэстывалю — асноўныя падзеі пройдуць з 13 па 16 ліпеня.

У мэтах «пашырэньня аўдыторыі гледачоў» распараджэньнем прадугледжаны бязьвізавы парадак уезду ў Беларусь для ўдзельнікаў і гасьцей з 73 дзяржаў.

Як адзначыў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, для бязьвізавага ўезду ў краіну гэтай катэгорыі іншаземцаў неабходна мець сапраўдны дакумэнт для выезду за мяжу, а таксама арыгінальныя або электронныя квіткі на імпрэзы фэстывалю ў Летнім амфітэатры або канцэртнай зале «Віцебск».

Для замежных удзельнікаў уезд бязь візаў будзе дазволены пры наяўнасьці запрашэньня Цэнтру культуры «Віцебск» ці Міністэрства культуры Беларусі.

«Па адным квітку дазволены аднаразовы ўезд у Беларусь аднаго замежнага грамадзяніна не пазьней за дату правядзеньня імпрэзы, указанай у гэтым квітку», — патлумачыў правілы Дзяржаўны памежны камітэт.

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва.
  • Пасьля таго, як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць замежнікаў, а вяртаць у Беларусь, плыні мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
  • Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
  • Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG