Паводле зьвестак Памежнай службы Польшчы, кантрабандыстаў затрымліваюць усё часьцей: толькі за 4 месяцы 2023 года (да 4 траўня) на польска-беларускай мяжы іх затрымалі 280 (для параўнаньня: за ўвесь мінулы год — 401), паведамляе выданьне Rzeczpospolita.
Гэта значыць, што ў сярэднім на беларуска-польскай мяжы штомесяц затрымліваюць цяпер каля 70 кантрабандыстаў, летась — толькі 33.
Для перавозкі людзей яны выкарыстоўваюць некалькі машын, а ў выпадку праверкі ўцякаюць.
«Даводзіцца рабіць папераджальныя стрэлы, чаго раней не было. Пачасьціліся таксама пагоні за машынамі кантрабандыстаў, якія рухаюцца зь вялікай хуткасьцю, ствараючы пагрозу на дарогах», — расказвае выданьню Ганна Міхальска, прэс-сакратар Галоўнай управы польскай Памежнай службы.
Паводле яе, сярод кантрабандыстаў пераважаюць грамадзяне Ўкраіны, Грузіі, Узбэкістану і Польшчы. Астатнія паходзяць з Ірану, Альжыру і Кіргізстану. Усіх іх вінавацяць у арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы або ў пасобніцтве ў гэтым злачынстве.
Краіны ЭЗ за мінулы дзень не дазволілі нелегальна трапіць 201 мігранту з тэрыторыі Беларусі
4 траўня ў ЭЗ зь Беларусі спрабаваў нелегальна трапіць 201 мігрант (днём раней — 171).
Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, за мінулыя суткі мяжу з боку Беларусі спрабавалі нелегальна перасячы 77 іншаземцаў, у тым ліку грамадзяне Ганы, Тунісу і Эрытрэі. Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы зафіксавала 16 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь беларускага боку, у Латвіі 4 траўня прадухілілі 108 спробаў нелегальнага пераходу беларуска-латвійскай мяжы (77).
Ад пачатку года зафіксавалі 11 503 спробы незаконнага пранікненьня ў ЭЗ зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 8 183, Латвію — 2 375, Літву — 945), у тым ліку з пачатку траўня — 703.
Памесячная статыстыка, якую вывеў BPN на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць пра рост напружанасьці на мяжы Беларусі і ЭЗ: у студзені зафіксавалі 1989 спробаў нелегальнага пераходу мяжы, у лютым — 1970, сакавіку — 3401, красавіку — 3440.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго, як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць замежнікаў, а вяртаць у Беларусь, плыні мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
- Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
- Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.