Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне палічылі, колькі мігрантаў нелегальна трапілі ў Эўразьвяз празь Беларусь


Мігранты на беларуска-польскай мяжы. 25 лістапада 2021
Мігранты на беларуска-польскай мяжы. 25 лістапада 2021

Нямецкія органы ўлады заклапочаныя ростам нерэгулярнай міграцыі ў Эўразьвяз і адзначаюць, што адной з галоўных «шчылін» зьяўляюцца маршруты празь Беларусь і Расею.

Пра гэта паведамляе выданьне Bild з спасылкай на службовы дакумэнт, які апынуўся ў рэдакцыі.

У дакумэнце гаворыцца, што толькі за сакавік 2023 году зафіксавалі больш як 22 500 выпадкаў незаконнага перасячэньня вонкавых межаў Эўразьвязу і Шэнгенскай зоны. Гэта на 60 працэнтаў больш за леташнія паказчыкі ў аналягічны пэрыяд.

У студзені–сакавіку ў Нямеччыну прыбылі 19 627 нерэгулярных мігрантаў, зь якіх амаль 6700 — у сакавіку. Паводле дадзеных нямецкай паліцыі, адзін з асноўных маршрутаў у Нямеччыну пралягае праз Польшчу: так у краіну трапілі 1278 чалавек, праз Чэхію — 278 чалавек.

Пра больш як 800 такіх мігрантаў вядома, што ім удалося непрыкметна перасячы мяжу Беларусі з усходнімі краінамі Эўразьвязу.

Сярод інашага, у дакумэнце згадваюць рэкляму нелегальнага маршруту праз Беларусь і Расею ў сацсетках.

Таксама адзначаецца, што ў наступныя тыдні, пэўна, узрасьце колькасьць выпадкаў нелегальнага ўезду празь Беларусь і Польшчу ў кірунку Нямеччыны.

«Не адзначаецца істотнага зьніжэньня выпадкаў нелегальнай міграцыі ў Нямеччыну. Гэта сьведчыць аб тым, што многія мігранты працягваюць перасякаць вонкавую мяжу ЭЗ з тэрыторыі Беларусі і трапляць у Нямеччыну», — гаворыцца у дакумэнце.

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва.
  • Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць замежнікаў, а вяртаць у Беларусь, плыні мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
  • Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя плыні істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
  • Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.
  • Літва вырашыла падаць пазоў супраць Беларусі за правакаваньне крызісу зь мігрантамі ў міжнародны суд. Мэта пазову — кампэнсацыя літоўскаму боку шкоды, якую краіна зазнала ад міграцыйнага крызісу, справакаванага менскім рэжымам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG