Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі полк Каліноўскага папросіць — Украіна не адмовіць, — вайсковы экспэрт


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Сяргей Грабскі, вайсковы экспэрт, палкоўнік запасу, былы супрацоўнік Мінабароны Ўкраіны расказвае, калі пачнецца ўкраінскі наступ, для чаго праводзяцца апэрацыі ў Белгарадзкай вобласьці, і адказвае на пытаньне, ці дапаможа Ўкраіна палку Каліноўскага, калі той пачне вызваляць Беларусь ад дыктатуры.

Сьцісла:

  • Стратэгічна ўкраінскі наступ ужо вядзецца.
  • Правядзеньне шырокамаштабнай наступальнай апэрацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы пазбаўлена ўсялякага сэнсу.
  • У выпадку неабходнасьці можна нанесьці канцэнтраваныя ўдары больш сур’ёзнымі сродкамі паражэньня.
  • Украіна ні ў якім разе не зьбіраецца абмяжоўваць жаданьне патрыётаў Беларусі выканаць задачы на беларускай тэрыторыі.
  • Калі законна абраны ўрад Беларусі зьвернецца да Ўкраіны па дапамогу, я ня бачу, каб Украіна магла адмовіць у такой дапамозе.


— Калі пачнецца абвешчаны стратэгічны наступ Украіны? Якія ён будзе мець асноўныя мэты і задачы?

Сяргей Грабскі
Сяргей Грабскі

— Яго ня трэба чакаць, ён ужо ідзе. Проста трэба разумець, што ёсьць пэўныя этапы правядзеньня наступальнай апэрацыі. Як можна назваць канцэнтраваныя ўдары ўкраінскіх сіл абароны па тых аб’ектах праціўніка, якія знаходзяцца на дастаткова вялікай адлегласьці ад лініі фронту? Гэта называецца падрыхтоўкай да практычнага правядзеньня наступальнай апэрацыі. Гэтая падрыхтоўка зьвязаная са зьнішчэньнем камандных пунктаў, месцаў канцэнтрацыі асабовага складу, базаў і складоў узбраеньня і баявой тэхнікі. Усё гэта прыводзіць да так званай фрагмэнтацыі лініі абароны. Такім чынам, можна сказаць, што ўкраінскі наступ ужо ідзе.

Калі праводзіць аналёгіі, то гэта падобна да таго, што ў свой час адбывалася ў Херсоне. Калі ўкраінскія войскі наносілі канцэнтраваныя ўдары па выяўленых аб’ектах, пасьлядоўна і мэтадычна зьнішчалі лягістыку праціўніка, а потым цягам вельмі кароткага часу выйшлі на бераг Дняпра. Прыблізна такая ж сытуацыя назіраецца і сёньня. Таму было б недапушчальна казаць, што практычная апэрацыя пачнецца ў той ці іншы дзень. Бо праціўнік спрабуе прадухіліць непазьбежнае, наносіць удары па прыфрантавых рэгіёнах Украіны. У нас ёсьць пэўнае бачаньне, дынаміка, у выніку якой можна пераходзіць да больш актыўных наступальных дзеяньняў.

Трэба таксама разумець, што Ўкраіна пакуль ня мае перавагі ў паветры. А кідаць войскі ў наступ бяз гэтага — дастаткова авантурная справа. Так што адпрацоўваюцца розныя дзеяньні, наносяцца ўдары па аб’ектах праціўніка. Бо ўсе ведаюць, што пры наступах страты звычайна большыя, чым пры абароне. Таму мы робім усё, каб мінімізаваць нашы магчымыя страты.

Таксама трэба разумець, што гэты наступ ня будзе адзіным. Мы гаворым пра шырокую летнюю кампанію 2023 году, якая мае на мэце выканаць шэраг задач. Але, на жаль, ня скончыць гэтую вайну, бо пакуль Украіна ня мае магчымасьці, такіх сродкаў, каб ужо сёлета завяршыць уласнымі сіламі вызваленьне ўкраінскай тэрыторыі.

— Экспэрты задаюцца пытаньнем, ці дастаткова ва Ўкраіны ўзбраеньняў для вырашэньня стратэгічных наступальных задачаў. Можа, затрымка з наступам зьвязаная з тым, што гэтых узбраеньняў усё ж недастаткова? Ці Кіеў цалкам задаволены заходнімі пастаўкамі?

— У любой апэрацыі, як бы яна ні была падрыхтаваная, вайскоўцы заўсёды сутыкаюцца з дэфіцытам узбраеньняў, тэхнікі і асабовага складу. Заўсёды чагосьці недастаткова. Ці зьвязана гэта зь недапастаўкамі? Увогуле, не.

Пастаўкі наладжаныя вельмі рытмічныя, зыходзячы з заявак украінскага Міністэрства абароны. Праціўнік адчайна спрабуе сарваць іх сваімі ўдарамі па камунікацыях і аб’ектах у глыбіні тэрыторыі Ўкраіны. Але гэта ніяк не ўплывае на вынік, проста ідзе назапашваньне. У першую чаргу мы думаем пра людзей, сваіх вайскоўцаў, і вызначаем магчымасьці і месцы, дзе нашы намаганьні дадуць найлепшы плён. Спробы праціўніка прадухіліць украінскі наступ наўрад ці скончацца посьпехам.

— Расейскі добраахвотны корпус і Легіён Расеі нарабілі шмат шуму пад Белгарадам. Яшчэ больш рэзанансу займелі атакі дронаў на Маскву. Ці можна сказаць, што галоўная мэта гэтых дзеяньняў — зрабіць пэўны ўплыў на псыхалягічны і маральны стан расейскага грамадзтва? Ці гэтыя апэрацыі на тэрыторыі Расеі маюць і нейкую канкрэтную ваенную мэту?

— Ведаеце, гэта надта дарагая прыемнасьць — рызыкаваць жыцьцямі салдат толькі дзеля нейкіх інфармацыйна-псыхалягічных мэтаў. Тут ёсьць цалкам дакладная ваенная задача.

У першую чаргу — тэставаньне магчымасьцяў праціўніка на гэтых кірунках. Калі гаварыць пра Белгарадзкую вобласьць, то адтуль працягваюцца абстрэлы нашай тэрыторыі. Так што нам трэба ня бегаць ад кожнага снараду, не змагацца з наступствамі, а выкараняць прычыну. Прычына — гэта пазыцыі расейскай артылерыі, мінамётаў, якія выкарыстоўваюцца для нанясеньня тэрарыстычных удараў па тэрыторыі Ўкраіны. Так што там адпрацоўваліся дакладныя ваенныя задачы па супрацьдзеяньні расейскім сродкам паражэньня.

Акрамя таго, у выніку такіх апэрацыяў праціўнік вымушаны здымаць злучэньні зь іншых месцаў і перакідаць туды, тым самы агаляючы іншыя кірункі, што таксама ўваходзіць у канцэпцыю правядзеньня наступальнай апэрацыі УСУ.

Гаварыць пра нейкі псыхалягічны эфэкт на ўсё расейскае грамадзтва, мне падаецца, было б занадта аптымістычна з улікам таго інфармацыйнага поля, у якім жывуць расейскія грамадзяне, таго, як віртуозна прапагандысцкая машына можа нэўтралізаваць такую інфармацыю.

— Тым часам на беларуска-ўкраінскай мяжы беларускія вайскоўцы ўзводзяць так званую «лінію Хрэніна», комплекс бэтонных супрацьтанкавых збудаваньняў. Плюс нядаўна быў уведзены кантроль зь беларускага боку на беларуска-расейскай мяжы. Пра што гэта сьведчыць? Менскі рэжым ужо не давярае старэйшаму саюзьніку і баіцца нейкіх нападаў з боку Ўкраіны?

— Перш за ўсе, не «саюзьніку» — а гаспадару. Трэба разумець, што менскі рэжым марыянэткавы, і нельга гаварыць, што ён можа «не давяраць» Маскве.

Што тычыцца розных лініяў, то ў свой час была створана «лінія Мажыно», якую потым назвалі «лінія наіў», бо яна выявілася бессэнсоўнай. Эфэктыўнасьць любых абарончых пабудоваў вызначаецца ня колькасьцю затрачанага бэтону, а трываласьцю войскаў, якія іх абараняюць. Белгарадзкая апэрацыя добраахвотнікаў з Расеі паказала, наколькі яны эфэктыўныя. Тое, што мы назіраем зь «лініяй Хрэніна», выглядае даволі прымітыўна.

— Але я ўсё ж хацеў бы пачуць вашу ацэнку палітычнага моманту. Ці лічыце вы, што Менск баіцца атакі з тэрыторыі Ўкраіны, і ці ёсьць у яго падставы гэтага баяцца?

— Можа баяцца, безумоўна. Дарэчы, нельга выключаць і такога моманту, як карупцыя. Стварэньне такой абарончай лініі патрабуе вялікіх грошай, эфэктыўнасьць у іх блізкая да нулявой, — а грошы сьпісаныя, хтосьці добра зарабіў.

На маю думку, правядзеньне шырокамаштабнай наступальнай апэрацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы пазбаўлена ўсялякага сэнсу. Бо яны абмежаваныя вельмі вузкімі ўчасткамі, якія ўсім даўно вядомыя. Усе даўно падрыхтаваныя — ды ў гэтым і няма ніякай неабходнасьці. Навошта ганяцца па балотах за салдатамі — калі ў выпадку неабходнасьці можна нанесьці канцэнтраваныя ўдары больш сур’ёзнымі сродкамі паражэньня?

Так што гаварыць пра традыцыйныя наступальныя апэрацыі ўкраінскіх сілаў абароны на тэрыторыі Беларусі не выпадае. Але на нашым баку ваююць сотні беларускіх добраахвотнікаў. Мы ні ў якім разе ня можам абмежаваць жаданьне патрыётаў Беларусі выканаць задачы на сваёй тэрыторыі. Па аналёгіі з тым, як расейскія патрыёты дзейнічалі на тэрыторыі Белгарадзкай вобласьці, на тэрыторыі таго суб’екта міжнароднага права, які называецца Расейскай Фэдэрацыяй.

— Калі той жа полк Каліноўскага вырашыць, як вы сказалі, «выконваць свае задачы на тэрыторыі Беларусі» — наколькі істотнай можа быць падтрымка Ўкраіны гэтым дзеяньням?

— Мы з поўным разуменьнем ставімся да дзеяньняў беларускіх патрыётаў, ня можам перашкаджаць іхнім вызваленчым дзеяньням — як з тэрыторыі Ўкраіны, так і з тэрыторыі іншых краінаў. Гэта ўжо іншае пытаньне — як яны будуць уваходзіць на тэрыторыю Беларусі, як будзе прымацца рашэньне.

Што тычыцца падтрымкі — калі законна абраны ўрад Беларусі зьвернецца да Украіны па дапамогу, я ня бачу, каб Украіна магла адмовіць у такой дапамозе. Украіне трэба стварыць так званую буфэрную зону для сваёй бясьпекі — ад 100 да 300 кілямэтраў вакол тэрыторыі Ўкраіны. Кіеў зацікаўлены мець надзейную і спакойную мяжу — як зь Беларусьсю, так і з тым, што пакуль называецца Расейскай Фэдэрацыяй.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG