Што адбылося
Сёлета выпускнікі школ здавалі так званы «адзіны экзамэн» — ён адначасова і выпускны, і ўступны ў ВНУ, вынікі можна падаваць пры паступленьні. У мінулыя гады выпускнікі здавалі выпускныя экзамэны ў школе, а пасьля цэнтралізаванае тэставаньне для паступленьня.
На сёлетнім экзамэне працавала наступная схема: за кожнае правільнае ці часткова правільнае заданьне выпускніку налічваюцца 1 ці 2 першасныя балы. Затым сума першасных балаў пераводзіцца ў канчатковы тэставы бал. Напрыклад, у тэсьце было 80 заданьняў, і калі ўсе яны правільныя, то можна было атрымаць 100 балаў. Усе падлікі робяцца паводле формулы, якой Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў не публікуе.
Аднак абітурыенты зьдзівіліся вынікам сваіх тэстаў: у некаторых пры двух часткова правільных адказах атрымаўся канчатковы вынік тэсту на 86 балаў са 100.
«У дачкі было два сходы, дзе спрабавалі патлумачыць, як гэта будзе праходзіць. На рэпэтыцыйным экзамэне ўсе ўжо нібыта зразумелі лёгіку. І тут адбываецца сам экзамэн і высьвятляецца, што сыстэма падліку зусім іншая. Гэтай хвалі абурэньня можна было пазьбегнуць, каб не сьпяшаліся, паспрабавалі гэта ўсё пратэставаць, зрабілі б рэпэтыцыю сёлета, а на наступны год ужо правялі», — расказаў адзін з суразмоўцаў Свабоды.
Напрыклад, у тэсьце па расейскай мове 80 заданьняў. Сыстэма падліку, на задумку чыноўнікаў, мусіла працаваць наступным чынам: калі ў абітурыента ад 0 да 75 правільных адказаў, то ў канчатковыя балы па 100-бальнай шкале гэта так і пераводзіцца: калі набраў 65 то будзе 65, калі 75, то 75. Апошнія ж 5 заданьняў лічацца ўжо паводле прагрэсіўнай схемы, правільныя адказы на іх даюць болей балаў і канчатковы вынік можа дасягаць 100 балаў. Праблема ў тым, што пра такую сыстэму падліку выпускнікі даведаліся толькі пасьля агучваньня вынікаў.
Сёлета на выдатны вынік у 100 балаў здало нашмат больш выпускнікоў, чым у мінулыя гады, па беларускай мове выдатны вынік набралі 413 чалавек (летась на ЦТ — 67 чалавек), па расейскай — 482 (летась на ЦТ — 43 чалавекі).
«Усе сьпісвалі»
Яшчэ адна праблема на іспыце, якой абураліся як выпускнікі, так і бацькі, — магчымасьць сьпісаць.
«Як мінімум у нашай Горадзенскай вобласьці вельмі востра стаяла пытаньне са сьпісваньнем, Міністэрства адукацыі відавочна зрабіла акт халатнасьці з кантролем над ім. Шмат хто, з кім я меў зносіны, гаварылі, што ў астатніх абласьцях у іх такая ж праблема. Дзеці проста праносілі тэлефоны і сьпісвалі, камісіі нулявыя, камэр таксама 0, ні пра якія мэталадэтэктары, інспэктараў з РУУС, якіх нам абяцалі, не ідзе і гаворкі. Прытым ужо таксама позна прызнаваць гэты „недахоп“, бо Мінадукацыі афіцыйна прызнала, што парушэньняў не было заўважана падчас правядзеньня ЦЭ», — паведаміў адзін з чытачоў Свабоды.
Усе гэтыя праблемы выклікалі хвалю абурэньня сярод бацькоў і вучняў.
«Пералічыце нашы балы»
Пасьля падлічваньня балаў, мэтодыку якога ніхто не зразумеў, а вынікі абурылі, выпускнікі і іх бацькі накіраваліся да старшыні Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў (арганізатар цэнтралізаванага іспыту) Юрыя Міксюка. Мяркуючы па відэа, якое трапіла ў сеціва, зь ім бацькі размаўлялі на павышаных тонах, патрабавалі пералічыць балы і абяцалі скардзіцца ў Мінадукацыі ды іншыя органы.
«Паглядзіце, што творыцца ў Менску. Вы маніторыце сацыяльныя сеткі? Гэта да вас яшчэ „рэспубліка“ не прыехала. Мы ўсе разам зараз паедзем у Міністэрства адукацыі», — чуюцца на відэа галасы абураных бацькоў.
«У чым быў сэнс нашага рэпэтыцыйнага тэставаньня? Мы на яго арыентаваліся, а цяпер у мяне на 10 балаў ніжэй. Навошта я ўлягала цэлы год?» — пытаецца на відэа абураная выпускніца.
Бацькі і выпускнікі склалі пэтыцыю, у якой патрабуюць пералічыць балы на цэнтралізаваным іспыце па расейскай мове.
«Мы, выпускнікі 2023 году зь Беларусі, патрабуем адказнага стаўленьня да сыстэмы ацэньваньня вынікаў ЦЭ. Мы ня згодныя з тым, якія балы атрымалі за іспыт па расейскай мове, паколькі гэта не адпавядае лёгіцы і нашым сапраўдным балам.
Нас абурае той факт, што ў РІКВ не адказваюць на званкі, гавораць спачатку пра памылку і просяць не перажываць, а пасьля выходзіць артыкул аб тым, што пералічваньня ня будзе. Нас першапачаткова не азнаёмілі з сыстэмай ацэньваньня і як правільна вылічыць бал. Вы паважаная арганізацыя, вы несяце вялікую адказнасьць і павінны адказваць за свае памылкі, а не трымаць нас без адказу. Калі вы не спраўляецеся са сваёй працай, то альбо прызнайце гэта, альбо пакідайце пасады», — гаворыцца ў пэтыцыі.
На 30 траўня пэтыцыю падпісалі ўжо больш за 11 тысяч чалавек.
Рэакцыя чыноўнікаў: Пералічваньня ня будзе
Сьпярша многім бацькам, якім удалося дагрукацца да Інстытуту кантролю ведаў, абяцалі, што балы пералічаць. Аднак пазьней чыноўнікі паведамілі, што ніякага пералічваньня ня будзе.
29 траўня міністар адукацыі Андрэй Івянец пахваліўся «добрымі вынікамі» цэнтралізаванага іспыту. Іванец адзначыў вельмі высокі ўзровень атрыманых балаў, дзяцей, якія атрымалі адзнакі 8, 9 і 10, аказалася больш за 50%. Ён заўважыў таксама, што была выкананая раней заяўленая адпаведнасьць тэсту ЦЭ базавай праграме ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Адзначыў ён і вялікую колькасьць 100-бальнікаў: больш за 890 чалавек сёлета па расейскай і беларускай мове атрымалі найвышэйшы бал.
У той жа час ён панаракаў на распаўсюджваньне «вялікай колькасьць фэйкаў, якія тычацца вынікаў першага ЦЭ».
«Міністэрствам адукацыі будзе адсочвацца кожны выпадак распаўсюджваньня недакладнай інфармацыі, матэрыялы будуць накіраваныя для дачы ацэнкі дзеяньням распаўсюднікаў фэйкаў», — сказаў ён.
Лукашэнка: Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела
30 траўня наконт адзінага экзамэну выказаўся Лукашэнка. Ён раскрытыкаваў мэханізм падліку і паабяцаў разабрацца.
«Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб падлічыць гэтыя балы, яны нейкія статыстычныя дадзеныя пачалі выводзіць на кампутары, каму гэта трэба? Тут нейкія балы вылічвалі на кампутары. Трэба рабіць звычайную зразумелую сыстэму і на наступным тыдні да гэтага вярнуцца. Прасунутыя сем’і кантралююць паступленьне сваіх дзяцей, гэта натуральна», — сказаў Лукашэнка.
Таксама ён праанансаваў «сур’ёзную размову» на гэтую тэму.
«Чыноўнікі ня скажуць, у чым памылка»
Экспэрт у галіне адукацыі і інавацый Андрэй Лаўрухін кажа, што новую сыстэму падліку балаў на экзамэне прыдумлялі ў «аўральным рэжыме». Прыдумлялася яна, каб зьменшыць адток моладзі за мяжу.
«Гэта сыры варыянт, які не абмяркоўваўся з грамадзкасьцю. Мадэль гэтая была ўведзеная ў аўральным парадку, у сярэдзіне навучальнага году. Гэта нейкая спроба зрабіць нешта па аналёгіі з адзіным экзамэнам у Расеі. Пры гэтым у Расеі адзіны экзамэн пачаў уводзіцца і апрабоўвацца паступова, першы экспэрымэнт быў у 2001 годзе ў некалькіх рэспубліках. У 2002-м яго пашырылі на 16 рэгіёнаў, і так паступова. Толькі ў 2009 годзе ён стаў агульным па ўсёй краіне», — кажа Андрэй Лаўрухін.
Экспэрт зазначае, што сыстэма падліку незразумелая, бо ні з кім не абмяркоўвалася: ні з грамадзкасьцю, ні з пэдагогамі, ні з бацькамі.
«Так хутка немагчыма рабіць рэформы, за 5 месяцаў. У такіх умовах ня можа ня быць памылак і праблемаў. Наконт адзінага экзамэну была прэтэнзія, што там заніжаная плянка. Пэдагогі казалі, што ў ВНУ прыйдуць выпускнікі са слабымі ведамі. Тады матывацыя была ва ўтрыманьні выпускнікоў, каб яны не разьбегліся за мяжу. Менавіта таму ўводзілі новую сыстэму паступленьня. Аднак хвалю крытыкі за зьніжэньне ўзроўню ведаў падхапілі рэктары ВНУ. Тады чыноўнікі сталі думаць, як ураўнаважыць сыстэму. Узьнікла ідэя, што будзе адносная шкала падліку. Важна ня тое, колькі балаў атрымае выпускнік, а колькі гэта ў адносінах да выніку астатніх вучняў. Чыноўнікі спасылаліся на фінскі досьвед. Аднак гэта сьмешна, бо не агучвалася зразумелая ўсім мадэль падліку. А ў чым канкрэтна здарылася памылка падчас падлічваньня, чыноўнікі проста ня скажуць», — гаворыць Андрэй Лаўрухін.
Яшчэ адна праблема, пра якую гаворыць экспэрт, гэта тое, што сёлета будуць прымаюць для паступленьня леташнія сэртыфікаты цэнтралізаванага тэставаньня. А яно рабілася зусім па іншай сыстэме і мела іншую мэтодыку падліку балаў.