Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ухваліла праект закону «Аб народным апалчэньні», створаным на ўзор украінскага 2022 году


Палата прадстаўнікоў Беларусі (архіўнае фота)
Палата прадстаўнікоў Беларусі (архіўнае фота)

Законапраект, разгледжаны 31 траўня Палатай прадстаўнікоў, вызначае парадак фармаваньня народнага апалчэньня, а таксама надзяляе апалчэнцаў правам прымяняць сілу і зброю, праводзіць затрыманьні.

Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняла праект закону «Аб народным апалчэньні». З дакладамі аб праекце выступілі міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін і чалец сталай камісіі нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Яўген Зайцаў.

Прадстаўляючы праект, Віктар Хрэнін сказаў:

«Пры распрацоўцы законапраекту за аснову быў узяты сучасны досьвед стварэньня добраахвотніцкіх фармаваньняў тэрытарыяльных грамад Украіны ў 2022 годзе».

Праектам закону прадугледжваецца надзяленьне ўраду паўнамоцтвамі вызначаць захады ў падрыхтоўцы да фармаваньня народнага апалчэньня, якія праводзяцца ў мірны час мясцовымі органамі ўлады, парадак фармаваньня (расфармаваньня) народнага апалчэньня, камплектаваньня і вядзеньня ўліку добраахвотнікаў, залічэньня іх у народнае апалчэньне і выхаду.

Праект вызначае правы і абавязкі, гарантыі прававой і сацыяльнай абароны добраахвотніка, яго адказнасьці.

Раней на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі праект закону «Аб народным апалчэньні». Праект закону прадугледжвае, што добраахвотнікі, якія знаходзяцца ў атрадах апалчэньня, будуць мець правы:

  • прымяняць фізычную сілу;
  • прымяняць і выкарыстоўваць зброю на ўмовах і ў межах, вызначаных заканадаўчымі актамі для вайскоўцаў, супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый, прыцягнутых да забесьпячэньня ваеннага становішча;
  • затрымліваць асоб, якія ўчынілі злачынства або адміністрацыйнае правапарушэньне, для перадачы ў органы, упаўнаважаныя ажыцьцяўляць крымінальны перасьлед або весьці адміністрацыйны працэс.

У апалчэньне ня будуць залічваць грамадзян:

  • якія адбываюць пакараньне ў выглядзе арышту, абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пазбаўленьня волі на пэўны тэрмін або пажыцьцёвага пазбаўленьня волі;
  • у дачыненьні да якіх прыменена мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту або хатняга арышту;
  • у адносінах да якіх прынята рашэньне аб інтэрнаваньні;
  • прызнаных ва ўстаноўленым парадку недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі;
  • якія маюць захворваньні або фізычныя заганы, пры наяўнасьці якіх проціпаказана валоданьне зброяй.

27 траўня кіраўнік Мінабароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу» Лукашэнка паставіў задачу стварыць народнае апалчэньне. У выпадку ваенных дзеяньняў, паводле Лукашэнкі, атрады народнага апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвай для тэрытарыяльнай абароны».

Паводле разьлікаў Міністэрства абароны, у народнае апалчэньне могуць увайсьці 100–150 тысяч чалавек. Пры гэтым у ведамстве не выключаюць, што добраахвотнікаў можа быць болей.

26 лютага старшыня Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што чальцам «народнага апалчэньня» выдадуць стралковую зброю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG