У банку законапраектаў на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі праект закону «Аб народным апалчэньні», які быў унесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам міністраў.
У праекце закону даецца вызначэньне народнага апалчэньня: узброеныя фармаваньні, якія ствараюцца зь ліку грамадзян, што выказалі жаданьне ўзяць удзел у забеспячэньні ваеннага становішча на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
Праект закону прадугледжвае, што добраахвотнікі, якія знаходзяцца ў атрадах апалчэньня, будуць мець правы:
- прымяняць фізычную сілу,
- прымяняць і выкарыстоўваць зброю на ўмовах і ў межах, устаноўленых заканадаўчымі актамі для вайскоўцаў, супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый, прыцягнутых да забесьпячэньня ваеннага становішча;
- затрымліваць асоб, якія ўчынілі злачынства або адміністрацыйнае правапарушэньне, для перадачы ў органы, упаўнаважаныя ажыцьцяўляць крымінальны перасьлед або весьці адміністрацыйны працэс.
Асноўнай задачай апалчэньня названае аказаньне садзейнічаньня тэрытарыяльным органам унутраных спраў у выкананьні імі паўнамоцтваў пры забесьпячэньні ваеннага становішча, абароне ўласнасьці ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў.
У кожным атрадзе будзе прызначацца камандзір і яго намесьнікі зь ліку добраахвотнікаў.
Іх кандыдатуры павінны быць узгодненыя з кіраўнікамі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў і дзяржаўнай бясьпекі.
У апалчэньне ня будуць залічаныя грамадзяне:
- якія адбываюць пакараньне ў выглядзе арышту, абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пазбаўленьня волі на пэўны тэрмін або пажыцьцёвага пазбаўленьня волі;
- у дачыненьні да якіх прыменена мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту або хатняга арышту;
- у адносінах да якіх прынята рашэньне аб інтэрнаваньні;
- прызнаныя ва ўстаноўленым парадку недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі;
- якія маюць захворваньні або фізычныя недахопы, пры наяўнасьці якіх проціпаказана валоданьне зброяй.
27 траўня кіраўнік Мінабароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу» Лукашэнка паставіў задачу стварыць народнае апалчэньне. У выпадку ваенных дзеяньняў, паводле Лукашэнкі, атрады народнага апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвай для тэрытарыяльнай абароны».
Паводле разьлікаў Міністэрства абароны, у народнае апалчэньне могуць увайсьці 100–150 тысяч чалавек. Пры гэтым у ведамстве не выключаюць, што добраахвотнікаў можа быць болей.
26 лютага старшыня Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што чальцам «народнага апалчэньня» выдадуць стралковую зброю.
У сакавіку Савет бясьпекі ўхваліў праект закону «Аб народным апалчэньні».