Тады прыхільнікі 45-га прэзыдэнта ЗША рэспубліканца Дональда Трампа захапілі будынак амэрыканскага парлямэнту, паспрабаваўшы перашкодзіць Кангрэсу сэртыфікаваць перамогу дэмакрата Джо Байдэна на выбарах у лістападзе 2020 году.
У лістападзе 2022 году суд прысяжных у Вашынгтоне прызнаў 57-гадовага Роўдса вінаватым. Судзьдзя Аміт Мехта прызначыў яму самы вялікі тэрмін з усіх, што выносіліся па гэтай справе. Усяго па ёй асуджаныя больш за тысячу чалавек.
«Чаго мы абсалютна ня можам дапусьціць, дык гэта таго, каб групы грамадзянаў, якім не падабаюцца вынікі выбараў і якія ня вераць, што закон выконваецца належным чынам, распальвалі рэвалюцыю, — цытуе заяву Мехта перад вынясеньнем прысуду «Голас Амэрыкі». — Сьмею сказаць, містэр Роўдс, — а я ніколі не казаў гэтага ніводнаму чалавеку, якому вынес прысуд, — вы становіце сталую пагрозу і небясьпеку для нашай дэмакратыі і дзяржаўнага ладу гэтай краіны».
Перад вынясеньнем прысуду Роўдс — адвакат, які атрымаў адукацыю ў адным з самых прэстыжных у сьвеце Ейльскім унівэрсытэце, і былы дэсантнік, — заявіў, што ён палітычны зьняволены і супрацьстаіць людзям, «якія руйнуюць краіну».
На дадатак да абвінавачваньня ў змове з мэтай мяцяжу — крымінальным злачынстве, якое ўключае ў сябе спробу «зрынуць, здушыць або зьнішчыць сілай урад Злучаных Штатаў», — Роўдс таксама быў асуджаны за перашкоду афіцыйнаму разбору і падробку дакумэнтаў. Яшчэ па двух абвінавачаньнях яго апраўдалі. У будынак Капітолію ў студзені 2021 году ён не ўваходзіў.