Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ваяры палка Каліноўскага чакаюць мяне». Музыка Піт Паўлаў пра канцэрт N.R.M.by ва Ўкраіне


Піт Паўлаў у Варшаве. Архіўнае фота
Піт Паўлаў у Варшаве. Архіўнае фота

Нядаўна вядомы беларускі гурт N.R.M.by абвесьціў, што плянуе сыграць канцэрт ва Ўкраіне для ваяроў палка імя Кастуся Каліноўскага. Таксама быў абвешчаны збор на неабходныя рэчы для вайскоўцаў. Пагутарылі пра гэта з музыкам гурту Пітам Паўлавым.

«Зь першага дня, калі пачалася дзейнасьць нашых хлопцаў ва Ўкраіне на вайне, адразу ж у мяне зьявілася ідэя паехаць да іх — калі не паваяваць, то хаця б сыграць для іх», — дзеліцца Піт Паўлаў.

Музыка дадае, што такое жаданьне ўзьнікала кожны раз, калі ўдзельнікі N.R.M.by размаўлялі на гэтую тэму.

«Шчыра кажучы, гэтае рашэньне было без асаблівых разважаньняў. Самае натуральнае, што можна зрабіць — гэта паехаць і для хлопцаў зайграць, — апавядае Піт. — Я хацеў паехаць, але спачатку ня ведаў, як гэта зрабіць, шукаў шляхоў. Потым высьветлілася, што ваяры палку Каліноўскага самі мяне хацелі б бачыць, што яны чакаюць мяне. Так было толькі з майго боку жаданьне, а калі высьветлілася, што ёсьць яшчэ і з таго боку, тады я ўжо пачаў шукаць нечага канкрэтнага».

Гурт адкрыў адмысловы збор на неабходныя рэчы для ваяроў палка. Пакуль збор заплянаваны на 90 дзён, і недзе ў гэты час і плянуецца канцэрт, кажа Піт.

«Я зьвязаўся з кіраўніцтвам палка і з самімі хлопцамі, даведаўся, што канкрэтна трэба, чаго хацелі б людзі і што пажадана з пункту гледжаньня выкананьня баявых задач. І вось, маючы ўсю гэтую інфармацыю, мы падлічылі прыкладна патрэбную суму і абвесьцілі збор».

Музыка кажа, што цяпер пазытыву стала толькі болей.

«Калі ў мяне ёсьць нейкая справа і адказнасьць, а зараз у мяне яна перад хлопцамі, перад палком, мне так лягчэй. Калі ў мяне ёсьць нейкая мэта, нешта канкрэтнае, што я магу рабіць, я тады сябе лепей адчуваю».

Таксама N.R.M.by распачалі эўрапейскі тур, зь якога адбылося ўжо тры канцэрты.

«Напэўна, будуць яшчэ ў Варшаве канцэрты ў канцы туру, бо на мінулы ўсе ахвочыя ня трапілі. Цяпер мы займаемся лягістыкай. І калі вы ўбачыце, што ў ваш горад едзе N.R.M.by, проста купляйце квіткі. Для нас вельмі істотна, каб вы папярэдне набывалі, бо вельмі цяжка выяжджаць кудысьці, калі невядома, колькі прададзена квіткоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG