Больш за дзесяць байцоў РДК і «Легіёну» 24 траўня пагутарылі з журналістамі на тэрыторыі Ўкраіны на фоне БМП, захопленага, як яны сьцьвярджаюць, у расейскіх памежнікаў. Па словах аднаго з камандзіраў РДК Дзяніса Капусьціна (Нікіціна), падчас рэйду былі лёгка параненыя двое байцоў корпусу, забітых няма. Капусьцін адмаўляе і страты баявой тэхнікі.
Прадстаўнік добраахвотніцкага фармаваньня «Легіён Свабода Расеі» заявіў пра двух забітых і дзесяць параненых байцоў легіёну.
23 траўня міністар абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што былі забітыя каля 70 «дывэрсантаў» зь ліку тых, хто перасек расейскую мяжу.
На пытаньне аб тым, ці выкарыстоўвалася пры рэйдзе баявая тэхніка заходняй вытворчасьці, ён спаслаўся на словы Ўладзіміра Пуціна — пра ўзбраеньне сэпаратыстаў у 2014 годзе — аб тым, што такую тэхніку «можна купіць у любым ваенгандлі». Прадстаўнікі Злучаных Штатаў раней заяўлялі, што не падтрымліваюць ужываньне Ўкраінай амэрыканскай зброі на тэрыторыі Расеі.
Рэйд у Белгарадзкую вобласьць адбыўся 22 траўня. Узброеныя атрады, якія прарваліся на тэрыторыю Расеі, на некалькі гадзін узялі пад кантроль шэраг населеных пунктаў у Грайваронскім раёне. Пасьля яны з боем адступілі за мяжу. Байцы РДК і «Легіёну Свабода Расеі» сьцьвярджаюць, што ў рэйдзе ўдзельнічалі толькі расейскія грамадзяне, якія выступаюць са зброяй у руках супраць цяперашніх расейскіх уладаў. Пра гэта ж заявіў і прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў, які дадаў, што сярод добраахвотнікаў не было забітых.
Улады Белгарадзкай вобласьці заявілі пра гібель аднаго цывільнага жыхара і двух вайскоўцаў, а таксама пра 12 параненых. Паводле кіраўніка Гайваронскай гарадзкой акругі Генадзя Бондарава, былі пашкоджаныя прынамсі 500 прыватных дамоў.