У легіёне «Свабода Расеі» назвалі падзеі ў Белгарадзкай вобласьці міратворчай апэрацыяй, аб якой іх папрасілі мясцовыя жыхары.
«Апошняй кропляй іхнага цярпеньня стала бамбаваньне Белгарада расейскай авіяцыяй. Пасьля гэтага яны зразумелі, што вайна — гэта двухбаковы меч і, ствараючы боль і разбурэньне на зямлі суседзяў, можна самім сутыкнуцца з горам і разбурэньнямі», — сказаў прадстаўнік рэгіёну пад пазыўным «Цэзар» у этэры ўсеўкраінскага тэлеканалу #UAРазом. Ён не хаваў свайго твару, але сапраўднага імя не назваў.
Паводле яго, у складзе легіёну толькі грамадзяне Расеі, якія «не падтрымліваюць палітыку пуцінскага рэжыму і агрэсію, якую ён пачаў супраць Украіны шмат гадоў таму». Агульную колькасьць асабовага складу падразьдзелу ён не назваў.
«Пасьля пачатку гарачай фазы вайны, пасьля поўнамаштабнага ўварваньня, вайскоўцы і простыя грамадзяне Расеі, якія выказалі жаданьне абараняць свабоду Ўкраіны, увайшлі ў склад Узброеных сіл Украіны і змагаюцца за свабоду Ўкраіны. Але наша далейшая мэта ня толькі вызваленьне Ўкраіны, а і зьнішчэньне пуцінскай дыктатуры і вяртаньне Расеі да нармальнага існаваньня», — падкрэсьліў «Цэзар».
Прадстаўнік легіёну заявіў, што гэта першая пасьпяховая «міратворчая апэрацыя на тэрыторыі Белгарадзкай вобласьці», праведзеная сумесна з Расейскім добраахвотніцкім корпусам.
«Што датычыць апэрацыі ў Грайваранскім раёне, яна мела і ваенны, і палітычны рэзананс, і ўзьдзеяньне на расейскае грамадзтва, якое мусіць пачаць задумацца, што гэтая вайны ніякіх дывідэндаў ім не прынясе. [...] З часам будуць узьнікаць ачагі ўзброенага супраціву на тэрыторыі Расеі, мы зможам паставіць у свае шэрагі шмат расейцаў, якія гатовы змагацца з пуцінскім рэжымам, і ў выніку ўзброенага супраціву зламаем гэтую сыстэму», — заявіў «Цэзар».
Паводле прадстаўніка легіёну «Свабода Расеі», «дэмілітарызацыя Белгарадзкай вобласьці толькі пачынаецца, і яна будзе працягвацца да поўнага лягічнага завяршэньня, а пасьля заканчэньня вайны ў памежных абласьцях Расеі ня будзе ніякай пагрозы для Ўкраіны».
Як раней паведамлялі ўкраінскія ўлады, легіён «Свабода Расеі» быў сфармаваны з расейскіх добраахвотнікаў і вайсковапалонных. Гэты падразьдзел ваюе ў складзе Ўзброеных сіл Украіны. Палітычным лідэрам легіёну называюць колішняга дэпутаты Дзярждумы Расеі Ільлю Панамарова, які зьехаў з Расеі да вайны і жыве ў Кіеве.
Што адбывалася
Раніцай 22 траўня пра заход у Белгарадзкую вобласьць паведаміў легіён «Свабода Расеі» — добраахвотніцкае падразьдзяленьне, якое ваюе на баку Ўкраіны. Яго ўдзельнікі заявілі, што сумесна з «Расейскім добраахвотніцкім корпусам» (РДК) яны «вызвалілі н/п Козінку Белгарадзкай вобласьці», а «у Грайваран зайшлі перадавыя аддзелы». «Рухаемся далей. Расея будзе свабоднай!» — гаворыцца ў паведамленьні.
Расейскія ўлады некалькі гадзін не пацьвярджалі дывэрсію легіёну «Свабода Расеі» у Белгарадзкай вобласьці. Але тэлеграм-каналы апублікавалі відэа «меркаванага заходу ўкраінскіх танкаў на тэрыторыю КПП „Грайваран“ у Белгарадзкай вобласьці». Мясцовыя жыхары расказалі, што чулі выбухі і страляніну.
Нягледзячы на паведамленьні СМІ і тэлеграм-каналаў, губэрнатар Вячаслаў Гладкоў некалькі гадзін не пацьвярджаў інфармацыю пра дывэрсантаў і баі зь імі: чыноўнік казаў пра «канцэнтраваны інфармацыйны напад на Белгарадзкую вобласьць» і зламысьнікаў, якія правакавалі паніку сярод насельніцтва. Затым чыноўнік прызнаў «канцэнтраваны абстрэл Грайваранскага раёну», а затым, празь некалькі гадзін, пацьвердзіў факт баёў з дывэрсантамі. «Узброеныя сілы РФ разам з памежнай службай, Расгвардыяй і ФСБ робяць неабходныя захады для ліквідацыі праціўніка», — напісаў Гладкоў у сваім тэлеграм-канале.