Ён сьцьвярджае, што абстрэл вёўся з боку Ўкраіны, пацярпелі цывільныя аб’екты.
Першапачаткова губэрнатар напісаў пра 5 параненых, потым паведаміў, што пацярпелі 11 чалавек, зь іх 4 — у цяжкім стане, а пасьля гэтага дадаў, што 2 чалавекі загінулі. Па словах губэрнатара, частка горада засталася без электрычнасьці.
Сьледчы камітэт РФ заявіў, што, паводле папярэдніх зьвестак, адзін з загінулых у Белагарадзкай вобласьці — непаўналетні. Акрамя таго, паводле СК РФ, амаль 15 тысяч мясцовых жыхароў засталіся без электразабесьпячэньня.
У мясцовых тэлеграм-каналах зьявілася відэа, на якіх бачныя вынікі абстрэлу, у тым ліку пажар і разбураныя пабудовы.
Украінскі бок абстрэл пакуль не камэнтаваў.
Горад Шабекіна разьмешчаны паблізу ад мяжы з Харкаўськай вобласьцю Ўкраіны. Напярэдадні паведамлялася, што ў выніку абстрэлу ў ім загарэўся лякафарбавы завод. У той жа дзень Гладкоў паведаміў аб абстрэле вёскі Мурам Шабекінскай гарадзкой акругі. У выніку пацярпелі будынкі школы, дзіцячага сада, Дамы культуры і прыватныя жылыя дамы. Як сьцьвярджае Гладкоў, абстрэл вялі Ўзброеныя сілы Ўкраіны.
Белгарадзкая вобласьць РФ у апошнія дні дастаткова рэгулярна трапляе пад абстрэлы, над Белгарадам расейская СПА пэрыядычна зьбіваюць паветраныя цэлі — на мінулым тыдні абломкі зьбітага лятальнага апарата пашкодзілі шматпавярховы жылы дом. Удары наносяцца ў тым ліку па энэргетычных абʼектах.
Украінскі бок не пацьвярджае і не адмаўляе сваё дачыненьне да ўдараў. У рэгіёне прадоўжылі школьныя канікулы, а жыхароў шэрагу прыгранічных вёсак перасялілі. З расейскіх пазыцый пад Белгарадам рэгулярна вядуцца абстрэлы Харкава і Харкаўскай вобласьці.