Дэлегацыі парлямэнтаў краін NATO, паводле слоў Кандрацюк, аднагалосна прагаласавалі за адпаведную рэзалюцыю, у якой, у прыватнасьці, гаворыцца аб далейшай падтрымцы Ўкраіны краінамі — удзельніцамі Альянсу і зацьвярджэньні мэханізмаў рэпарацый і кампэнсацый з боку Расеі, якія пойдуць на пасьляваеннае аднаўленьне ўкраінскіх рэгіёнаў.
Таксама ў рэзалюцыі парлямэнтары краін NATO прызналі расейскі рэжым тэрарыстычным і назвалі яго «рашызмам». Акрамя таго, у рэзалюцыі Парлямэнцкая асамблея NATO заклікае ўрады краін — удзельніц Паўночнаатлянтычнага альянсу запрасіць Украіну ў NATO на саміце ў Вільні і ўзгадніць для яе дакладны альгарытм уступленьня ў арганізацыю.
У сакавіку 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна і расейскай упаўнаважанай у пытаньнях правоў дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Пуціну ставяць у віну адказнасьць за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею. Як растлумачылі ў судзе, ёсьць «разумныя падставы» меркаваць, што прэзыдэнт РФ нясе за гэта асабістую адказнасьць. Дзіцячы амбудсмэн РФ Марыя Львова-Бялова падазраецца ў аналягічных злачынствах. Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ў прынятай 27 красавіка рэзалюцыі заклікала міжнародную супольнасьць «падтрымаць судовы перасьлед і прыцягненьне да адказнасьці» за незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей, сярод іншых асоб, і Аляксандра Лукашэнкі, «самаабвешчанага прэзыдэнта Беларусі».
19 студзеня 2023 году Эўрапарлямэнт прагаласаваў за рэзалюцыю аб стварэньні трыбуналу, які будзе судзіць палітычнае кіраўніцтва Расеі на чале з Пуціным за ваенную агрэсію супраць Украіны. У сваю чаргу, кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла пра неабходнасьць стварыць спэцыялізаваны суд пры падтрымцы ААН для расьсьледаваньня і судовага перасьледу дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. Яна таксама паведаміла, што ЭЗ створыць у Гаазе каардынацыйны цэнтар для збору доказаў расейскіх злачынстваў. А намесьніца дзяржсакратара ЗША ў палітычных справах Вікторыя Нуланд паведаміла, што трыбунал для Расеі можа зьявіцца ўжо да лета.