Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CNN: Байдэн падтрымаў навучаньне ўкраінскіх пілётаў на зьнішчальніках F-16


Зьнішчальнік F-16.
Зьнішчальнік F-16.

У пятніцу прэзыдэнт Джо Байдэн паведаміў лідэрам «Вялікай сямёркі», што ЗША падтрымаюць сумесныя намаганьні з саюзьнікамі і партнэрамі па навучаньні ўкраінскіх пілётаў на зьнішчальніках чацьвёртага пакаленьня, уключаючы F-16.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на тэлекампанію CNN, якая, у сваю чаргу, спасылаецца на высокапастаўленага чыноўніка адміністрацыі ЗША.

Паводле яго слоў, навучаньне ўкраінскіх пілётаў, хутчэй за ўсё, будзе праходзіць не ў ЗША, а ў Эўропе. Амэрыканскія інструктары будуць трэніраваць украінцаў разам з калегамі з краін NATO. Навучаньне зойме некалькі месяцаў.

«Па меры падрыхтоўкі [пілётаў] у бліжэйшыя месяцы наша кааліцыя краін, якія ўдзельнічаюць у гэтых намаганьнях, будзе вырашаць — калі будуць прадастаўленыя гэтыя зьнішчальнікі, колькі іх будзе і хто іх прадаставіць», — сказаў чыноўнік.

Паводле яго зьвестак, «на сёньняшні дзень Злучаныя Штаты, саюзьнікі і партнэры засяродзіліся на прадастаўленьні Ўкраіне большай часткі ўзбраеньняў і навучаньня, неабходных для правядзеньня наступальных апэрацый вясной і летам гэтага году». «Дыскусіі аб удасканаленьні ўкраінскіх ВПС адлюстроўваюць нашу доўгатэрміновую прыхільнасьць да самаабароны Ўкраіны», — дадаў чыноўнік.

У сакавіку гэтага году два ўкраінскія лётчыкі прыбылі на базу ВПС ЗША ў Тусане ў штаце Арызона, дзе амэрыканскія інструктары павінны ацаніць іх навыкі з дапамогай лётных трэнажораў і вызначыць, колькі часу спатрэбіцца ўкраінскім пілётам, каб навучыцца лётаць на F-16. Кангрэс выдзеліў грошы на такое навучаньне ў бюджэце на 2023 год.

Паводле інфармацыі CNN, адміністрацыя Байдэна дала зразумець эўрапейскім саюзьнікам па NATO, што ЗША дазволяць ім экспартаваць зьнішчальнікі F-16 ва Ўкраіну.

Апошнім часам Белы дом адчувае рост ціску з боку членаў Кангрэсу і саюзьнікаў, якія патрабуюць дапамагчы Ўкраіне атрымаць зьнішчальнікі 4-га пакаленьня для адбіцьця расейскіх паветраных нападаў, якія ўзмацніліся.

Прадстаўнік прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Рышы Сунак на гэтым тыдні заявіў, што Вялікая Брытанія і Нідэрлянды імкнуцца сфармаваць міжнародную кааліцыю ня толькі для закупу вайсковых самалётаў для Ўкраіны, але і для навучаньня на іх украінскіх пілётаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG