Выказаны Расеяй намер разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі «небясьпечны і непрымальны», адзначылі лідэры краін «Вялікай сямёркі» (G7; уваходзяць Вялікая Брытанія, Нямеччына, Італія, Канада, ЗША, Францыя і Японія), гаворыцца ў сумеснай заяве, прынятай па выніках першага дня саміту G7 у Хірасіме (Японія).
«Мы зноў зьвяртаемся да трэціх бакоў з заклікам неадкладна спыніць матэрыяльную падтрымку расейскай агрэсіі, у адваротным выпадку ім давядзецца сутыкнуцца з сур’ёзнымі наступствамі», — адзначана ў дакумэнце.
Па выніках пазачарговага саміту 11 кастрычніка 2022 году краіны G7 заклікалі беларускія ўлады спыніць саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны, у прыватнасьці не дазваляць выкарыстоўваць тэрыторыю краіны для ваенных дзеяньняў і не аказваць падтрымку расейскім вайскоўцам.
4 лістапада таго ж году міністры замежных спраў дзяржаў «Вялікай сямёркі» пасьля сустрэчы ў Мюнстэры (Нямеччына) перасьцераглі Беларусь ад далейшай падтрымкі расейскай агрэсіі, прыгразіўшы «вялікімі дадатковымі выдаткамі».
17 красавіка сёлета на сустрэчы ў Каруідзаве (Японія) міністры замежных спраў краін G7 «пацьвердзілі непрымальнасьць безадказнай ядзернай рыторыкі Расеі».
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у інтэрвію тэлеканалу «Расея 24», паказаным 25 сакавіка, заявіў, што да 1 ліпеня на тэрыторыі Беларусі будзе завершана будаўніцтва спэцыяльнага сховішча для тактычнай ядзернай зброі. «Мы не перадаём [ядзерную зброю]. Мы ў прынцыпе робім усё, што яны [ЗША] робяць дзесяцігодзьдзямі. Яны маюць яе ў многіх краінах-саюзьніках, рыхтуюць носьбіты і экіпажы. Тое ж самае зьбіраемся рабіць і мы», — сказаў прэзыдэнт Расеі.
16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў на прадмет пасады непастаяннага члена Рады бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, зазначыў, што заява Расеі — «перш за ўсё, гэта проста заява», і нічога ў практычным сэнсе не было зроблена.