Лідэры «Вялікай сямёркі» (G7), якая аб'ядноўвае вядучыя эканомікі сьвету, 19 траўня заявілі, што гарантуюць Украіне неабходную падтрымку на гэты год і на пачатак 2024 года. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
«Сёньня мы робім новыя крокі, каб забясьпечыць паразу супрацьпраўнай агрэсіі Расеі супраць сувэрэннай дзяржавы Ўкраіна і падтрымаць украінскі народ у яго імкненьні да справядлівага міру, заснаванага на павазе міжнароднага права», – гаворыцца ў заяве ўдзельнікаў Саміт «Вялікай сямі», які пачаўся 19 траўня ў японскім горадзе Хірасіма.
Чакаецца, што чальцы «Вялікай сямёркі» на саміце ў Хірасіме абʼявяць аб новых санкцыях супраць Расеі і прымуць захады супраць тых, хто дапамагае абыходзіць іх, што павінна скараціць магчымасьці Масквы па фінансаваньні вайны ва Ўкраіне.
Перад пачаткам саміту на брыфінгу для журналістаў супрацоўнік адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Байдэна, які ня быў названы па імені, заявіў, што сябры групы G7 абʼявяць аб сотнях новых санкцый і захадах экспартнага кантролю.
Толькі ЗША ўнясуць у «чорны сьпіс» каля 70 арганізацый з Расеі і трэціх краін, зьвязаных з расейскай абароннай прамысловасьцю, паведаміў чыноўнік.
Акрамя таго, пад санкцыі ЗША падпадуць больш за 300 фізычных і юрыдычных асоб, самалётаў і суднаў. Іншыя краіны «Вялікай сямёркі» таксама абʼявяць аб сваіх захадах на гэтым тыдні.
Па словах чыноўніка, гэтыя меры павінны яшчэ больш скараціць магчымасьці Расеі атрымліваць тэхніку і матэрыялы для вядзеньня вайны, закрыць шчыліны для абыходу санкцый і зьнізіць залежнасьць Эўропы ад расейскіх энэрганосьбітаў.
«Вялікая сямёрка» таксама прыме дадатковыя меры для абмежаваньня доступу Расеі да міжнароднай фінансавай сыстэмы і возьме на сябе абавязаньні не размарожваць сувэрэнныя актывы Расеі.
«Калі коратка, то мы ўзмацняем эканамічны ціск на Расею», — сказаў чыноўнік.
Чыноўнік дадаў, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі будзе ўзаемадзейнічаць зь лідэрамі «Вялікай сямёркі» на саміце «ў той ці іншай форме».
Санкцыйная палітыка ЗША
«Сямёрка» ня будзе абʼяўляць аб усёабдымнай забароне экспарту ў Расею, пацьвердзіў «Голасу Амэрыкі» на борце прэзыдэнцкага самалёта саветнік па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван.
«Асноўная ўвага на саміце будзе ўдзелена забесьпячэньню прымяненьня санкцый і спыненьню ўхіленьня ад іх», — сказаў Саліван.
Па дадзеных Цэнтра геаэканомікі пры Атлянтычнай радзе, краіны «Вялікай сямёркі», у асноўным эўрапейскія, экспартуюць тавары ў Расею на суму 4,7 мільярда даляраў у месяц, што складае прыкладна 43% ад абʼёмаў да ўварваньня ва Ўкраіну.
Міністэрства фінансаў ЗША назвала чатыры спосабы, з дапамогай якіх расейцы, якія трапілі пад санкцыі, ухіляюцца ад іх: выкарыстаньне блізкіх сваякоў або паплечнікаў, выкарыстаньне нерухомасьці для захоўваньня актываў, выкарыстаньне складаных структур для маскіроўкі ўласнасьці і перавод актываў у краіны, якія не ўвялі санкцыі супраць Расеі.
Пад шматбаковыя санкцыі ўжо трапілі больш за 4800 расейскіх фізычных і юрыдычных асоб, у тым ліку прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна, яго былую жонку, кіраўніка ПВК «Вагнэр», прэс-сакратара Крамля і членаў яго сямʼі і іншых.
Каардынатар рабочай групы Міністэрства фінансаў па расійскіх элітах, пасрэдніках і алігархах Сэт Брыдж заявіў, што з пачатку вайны «сямёрка» заблякавала або замарозіла расійскія актывы, якія трапілі пад санкцыі, на агульную суму больш за 58 мільярдаў даляраў.
Новыя санкцыі Вялікабрытаніі
Вялікабрытанія ўжо аб’явіла аб новых санкцыях у дачыненьні да Расеі, якія накіраваныя супраць перадавых ваенных тэхналёгій і «астатніх крыніцаў даходаў» Масквы. Аб гэтым паведамляецца на сайце брытанскага ўрада.
Санкцыі ўведзеныя ў дачыненьні да 86 расейскіх грамадзян і юрыдычных асоб. Сярод іх кампаніі, зьвязаныя з крадзяжом украінскага збожжа, у тым ліку шэсьць расейскіх суднаходных кампаній, якія зьвязаныя з «Совкомфлотом».
У санкцыйныя сьпісы Лёндана ўключаныя 9 арганізацый, зьвязаных з «Росатомом», якія вырабляюць перадавыя матэрыялы і тэхналёгіі, у тым ліку лазеры. Прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак абвясьціў аб новых забаронах на імпарт расійскіх алмазаў
У брытанскім парляманце заявілі, што актывы Расеі застануцца замарожанымі да таго часу, пакуль Масква не пагодзіцца плаціць за шкоду, нанесеную Ўкраіне.