Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Ўкраіны заявіла аб вызваленьні ад расейцаў 20 кв. км. прыгарадаў Бахмута


Бахмут Данецкай вобласьці. Архіўнае фота
Бахмут Данецкай вобласьці. Архіўнае фота

У выніку контранаступу ўкраінскае войска ля Бахмута змагло аднавіць кантроль над дарогай, па якой ажыцьцяўляецца ягонае забесьпячэньне.

Камандуючы сухапутных войскаў Украіны Аляксандар Сырскі наведаў пазыцыі ўкраінскага войска на бахмуцкім кірунку і разам з камандзірамі падразьдзелаў абмеркаваў усе магчымыя сцэнары разьвіцьця абароннай апэрацыі.

«Вагнэраўцы залезьлі ў Бахмут, як пацукі ў пастку», — напісаў Аляксандар Сырскі ў сваім тэлеграм-канале.

Генэрал-палкоўнік Сырскі дадаў, што, выкарыстоўваючы прынцып актыўнай абароны, украінскія вайскоўцы ажыцьцяўляюць контранаступ на некалькіх кірунках пад Бахмутам.

«У ворага больш рэсурсаў, але мы разбураем яго пляны», — падкрэсьліў Аляксандар Сырскі.

Вайсковец пятай штурмавой брыгады Ўзброеных сіл Украіны Юры Сырацюк (адзін зь лідэраў партыі «Свабода») у эфіры ўкраінскай службы Радыё Свабода паведаміў, што ўкраінскія сілы могуць перарэзаць расейскім войскам адзін з асноўных шляхоў забесьпячэньня ў Бахмуце.

Паводле яго, украінцы прасунуліся на паўднёвым флянгу на 2,5 кілямэтра і цяпер рухаюцца ў кірунку Кляшчэеўкі.

У сваю чаргу намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр паведаміла, што ўкраінскія сілы вызвалілі ад расейскай акупацыі на поўдні і поўначы прыгарад Бахмута на плошчы каля 20 квадратных кілямэтраў. Але там працягваюцца вельмі цяжкія баі.

Як брытанская выведка ацэньвае сытуацыю ў Бахмуце

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі адзначылі, што, нягледзячы на тое, што вайскоўцы прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» працягваюць прасоўвацца ў цэнтры гораду, украінскія сілы змаглі дасягнуць тактычных посьпехаў на флянгах ад Бахмуту.

«Украіна стрымлівае прасоўваньне расейскіх войскаў на захад уздоўж лініі каналу Сіверскі Данец — Данбас, ператварыўшы раку ў перашкоду ў складзе абароннай зоны вакол гораду Часаў Яр», — адзначаецца ў паведамленьні выведкі.

Апроч таго, брытанскія выведнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што ў выніку контранаступу ўкраінскае войска змагло аднавіць кантроль над дарогай, па якой ажыцьцяўляецца ягонае забесьпячэньне.

Расея і Ўкраіна вядуць баі за Бахмут са жніўня 2022 году. Наступ у горадзе ажыцьцяўляюць пераважна сілы ПВК «Вагнэр». Вайсковыя аналітыкі адзначалі высокую баяздольнасьць вагнэраўцаў у параўнаньні з рэгулярнай расейскай арміяй, аднак увесь горад ім так і не ўдалося захапіць.

Раней паведамлялася аб вялікіх стратах у расейскай арміі і ПВК «Вагнэр» у баях за Бахмут. Вясной Яўгеній Прыгожын заяўляў, што выведзе свае сілы з зоны баявых дзеяньняў праз канфлікт зь Міністэрствам абароны Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG