У закон унесьлі папраўкі, якія апублікавалі 16 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакумэнт атрымаў статус закону.
Zerkalo патлумачыла, каму абмежавалі выезд за мяжу.
Забарона для «палітычных адміністрацыйнікаў» і з дазволу КДБ
КДБ зможа абмежаваць выезд ня толькі тым, хто знаходзіцца на прафіляктычным уліку ў органах дзяржаўнай бясьпекі, але і тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Забарона можа ўводзіцца на тэрмін да паўгода. Якія грамадзяне і на якіх падставах будуць трапляць у гэтую катэгорыю, не паведамляецца.
Выезд таксама забароняць тым асобам, «у дачыненьні да якіх вядзецца працэс за ўчыненьне адміністрацыйных правапарушэньняў супраць парадку кіраваньня, — у мэтах забесьпячэньня выкананьня пастановы судзьдзі аб накладаньні адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе штрафу».
Раней абвінавачаных зь Беларусі таксама не выпускалі, але гэта тычылася тых, каму ўжо прысудзілі штраф, а ён не аплаціў. Цяпер жа выезд будзе забаронены і тым, супраць каго вядзецца адміністрацыйны працэс, а рашэньне суду не прынятае.
У «правапарушэньні супраць парадку кіравання» ўваходзяць такія артыкулы КаАП:
- «Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў»,
- «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў» і іншыя.
Забарона для сілавікоў
Высокія чыноўнікі змогуць выехаць за мяжу толькі пасьля ўзгадненьня з Аляксандрам Лукашэнкам. Сярод тых, каго тычыцца новаўвядзенні:
- старшыні абласных і Менскага гарадзкога выканаўчых камітэтаў;
- начальнік Службы бясьпекі;
- начальнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру;
- старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі,
- міністар унутраных спраў;
- міністар замежных спраў;
- міністар абароны;
- міністар у надзвычайных сытуацыях;
- старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту;
- старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту;
- старшыня Сьледчага камітэту;
- старшыня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз;
- начальнік Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету.
Выезд зь Беларусі «кіраўнікоў дзяржаўных органаў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый і работнікаў, якія ажыцьцяўляюць забесьпячэньне дзейнасьці і тэхнічнае абслугоўваньне дзяржаўных органаў, якім дадзены допуск да дзяржаўных сакрэтаў», будзе вызначацца ўрадам.
У законе пазначана, што выезд за мяжу сілавікоў будзе «вызначацца лякальным прававым актам» адпаведных ведамстваў. Пэўна, у іх будзе замацаваная норма «па ўзгадненьні з кіраўніцтвам». Гэта будзе тычыцца вайскоўцаў, супрацоўнікаў, работнікаў і асоб цывільнага пэрсаналу вайсковых фармаваньняў і ваенізаваных арганізацый Беларусі, а менавіта:
- Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь;
- органаў памежнай службы;
- унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў;
- органаў дзяржаўнай бясьпекі;
- транспартных войскаў;
- Службы бясьпекі;
- Апэратыўна-аналітычнага цэнтру;
- органаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю;
- Сьледчага камітэту;
- Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз;
- органаў унутраных спраў;
- органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях;
- Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету;
- Дзяржаўнай фэльд’егерскай службы пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.
У законе таксама адзначана, што ім можа быць адмоўлена ў выезьдзе з краіны «ў мэтах забесьпячэньня інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі да спыненьня абставінаў, якія перашкаджаюць іх выезду».
Акрамя таго, у выпадку наяўнасьці ў гэтай катэгорыі асоб біямэтрычнага пашпарта на час службы яны абавязаны перадаць яго ў кадравую службу сваёй арганізацыі.
Калі ўводзяцца гэтыя забароны?
Забарона для «палітычных адміністрацыйнікаў» — праз шэсьць месяцаў пасьля афіцыйнага апублікаваньня гэтага закону.
Іншыя палажэньні — пасьля афіцыйнага апублікаваньня закону.
Законапраект паступіў у Нацыянальны сход летам мінулага года. Дакумэнт быў прыняты ў першым чытаньні Палатай прадстаўнікоў у кастрычніку 2022 года, а ў другім чытаньні — у красавіку сёлета. Пры гэтым у яго ўносілі праўкі: напрыклад, у сьпіс тых сілавікоў, каму могуць адмовіць у выезьдзе за мяжу, унесьлі егераў.
Законапраект ухвалілі ў Савеце Рэспублікі, а пасьля яго падпісаў Аляксандар Лукашэнка.