У расейскім Міністэрстве транспарту адразу заявілі, што авіякампаніі Расеі гатовыя лятаць паміж Масквой і Тбілісі сем разоў на тыдзень. А МЗС РФ паведаміў, што адмяніў рэкамэндацыю для расейцаў устрымлівацца ад паездак у Грузію.
Апазыцыя і прэзыдэнт краіны Саламэ Зурабішвілі назвалі гэтыя рашэньні правакацыяй і выклікам для грамадзтва, паведамляе «Настоящее время».
Дыпляматычныя адносіны Расеі і Грузіі былі разарваныя ў верасьні 2008 году пасьля пяцідзённай расейска-грузінскай вайны. Тады Масква заявіла аб прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі і разьмясьціла там свае войскі.
У 2019 годзе Ўладзімір Пуцін забараніў расейскім авіякампаніям лятаць у Грузію, а грузінскім — у Расею. Гэта адбылося пасьля масавых акцыяў пратэсту ў Тбілісі празь візыт дэпутата расейскай Дзярждумы Сяргея Гаўрылава. Крэмль тады заявіў, што лятаць у Грузію расейцам небясьпечна. А прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў удакладніў, што авіязносіны адновяцца толькі пасьля таго, як стане відавочна, што сытуацыя ў Грузіі больш ня вернецца «ў русафобскае рэчышча».
Пра тое, навошта Пуцін адмяняе візавы рэжым з Грузіяй і ці сапраўды паміж Масквой і Тбілісі адновяцца палёты, расказаў палітычны аналітык Гела Васадзэ.
— Прэзыдэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі і партыя «Адзіны нацыянальны рух» выступаюць супраць аднаўленьня прамых рэйсаў паміж Масквой і Тбілісі. Але кіруючая партыя «Грузінская мара» — за?
— За аднаўленьне эканамічных адносін. За аднаўленьне дыпляматычных адносін яны ня могуць выступаць, бо гэта азначае факт прызнаньня незалежнасьці так званых незалежных дзяржаў.
У Грузіі з Расеяй могуць быць рэальна толькі два рэжымы адносін: або супраціўленьне агрэсіі і паўнацэнная падтрымка свайго саюзьніка — Украіны, або патураньне «паўзучай» акупацыі і саўдзел у вайне.
— Пуцін адмяніў ня толькі ўласную забарону на прамыя авіязносіны паміж Масквой і Тбілісі, але ён яшчэ адмяніў візы для грамадзян Грузіі. І цяпер для паездак у Расею яны больш не патрэбныя. Гэта была вельмі парадаксальная сытуацыя: каб расейцам паехаць у Грузію, візы не патрэбныя, а грузінам, каб паехаць у Расею, патрэбныя. Ці можа гэта ўвогуле быць карысна для грамадзян Грузіі, ці можа гэта быць падтрымана грамадзянамі Грузіі?
— Нехта, можа, гэта і падтрымае. Але што ў гэтым карыснага? У 2001 годзе, калі ўводзілі візы, гэта было вельмі балюча. Тады была сапраўды саўковая радавая пупавіна, якая зьвязвала Грузію з Расеяй.
Я хачу нагадаць, калі былі ўведзены гэтыя візы і чаму яны былі ўведзены. Яны былі ўведзены — ужо быў Пуцін, але яшчэ быў і Шэварднадзэ — у адказ на тое, што ўлады Грузіі сказалі катэгарычнае «не» на ўвод расейскіх войскаў у Панкіскую цясьніну на тэрыторыі Грузіі. Тады ішла Другая чачэнская вайна. І расейскія вайскоўцы чамусьці вырашылі: «А хто такая Грузія? Давайце ўвядзем войскі на яе тэрыторыю — і вось мы на мяжы з Чачнёй, але ўжо з боку Грузіі». Натуральна, Грузія не пагадзілася. Яны да гэтага часу б там стаялі. І пасьля гэтага былі ўведзены візы. І тады гэта быў вельмі балючы крок.
За 22 гады Грузія навучылася цудоўна жыць без Расеі. Грузія абсалютна эканамічна незалежная ад Расеі. Газ мы з 2007 году атрымліваем з Азэрбайджану, у нас большая частка гандлю ідзе з Эўрапейскім Зьвязам. А што тычыцца гандлю з Расеяй, гэта гандаль выключна кампаній, якія афіліяваныя з уладай.
Таму казаць, што хто-небудзь у Грузіі марыць зьезьдзіць на экскурсію ў Саратаў, — я думаю, наўрад ці варта. Гэта будзе карысна для рэлякантаў, сапраўды, будзе зручна.