Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі суд у правах чалавека абавязаў Расею выплаціць 130 млн эўра грузінскім ахвярам вайны 2008 году


Аріхўнае фота. Расейскія салдаты на браніраванай машыне ў Цхінвалі, сталіцы грузінскага анкляву Паўднёвай Асэтыі, 12 жніўня 2008 году
Аріхўнае фота. Расейскія салдаты на браніраванай машыне ў Цхінвалі, сталіцы грузінскага анкляву Паўднёвай Асэтыі, 12 жніўня 2008 году

Эўрапейскі суд па правах чалавека 28 красавіка прыняў рашэньне, якім абавязаў Расею выплаціць каля 130 мільёнаў эўра кампэнсацыі грамадзянам Грузіі за парушэньне іх правоў падчас вайны 2008 года. Пра гэта паведамляецца на сайце суда.

Як адзначае «Настоящее время», гаворка ідзе пра рашэньне па другой частцы пазову грузінскіх уладаў, пададзенага супраць Расеі ў сувязі з падзеямі 2008 году. Яно тычыцца справядлівай кампэнсацыі згодна з артыкулам 41 Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека і не было ахоплена асноўным рашэньнем 2021 году па пазове Грузіі супраць Расеі.

Паводле яго, прадугледжаныя кампэнсацыі ў памеры

  • 115 мільёнаў эўра — у сувязі зь перашкодай вяртаньню грамадзян Грузіі ў іх дамы на тэрыторыях самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, якія Грузія лічыць акупаванымі Расеяй. Ад дзеяньняў расейскіх уладаў у дадзеным выпадку пацярпелі сама меней 23 тысячы чалавек.
  • 8,2 млн эўра — сама меней 142 асобам, якія пацярпелі ад адсутнасьці адэкватнага расьсьледаваньня расейскім бокам гібелі мірных жыхароў падчас актыўнай фазы баявых дзеяньняў.
  • 3,2 млн эўра — у сувязі з забойствам сама меней 50 мірных жыхароў (усяго было 116 заявак),
  • 2,7 млн эўра — для сама меней 116 пацярпелых ад адвольных затрыманьняў і бесчалавечнага і прыніжальнага годнасьць абыходжаньня,
  • 640 тысяч эўра — 16 пацярпелым ад катаваньняў грузінскім ваеннапалонным.

Рашэньне прынятае, нягледзячы на тое, што Расея была летась выключаная з Рады Эўропы і ня ўдзельнічае ў працы ЭСПЧ. Расейскія ўлады раней распарадзіліся не выконваць рашэньні ЭСПЧ, вынесеныя пасьля 15 сакавіка 2022 году.

  • Паўднёвая Асэтыя і Абхазія да 1990 году ўваходзілі ў склад Грузінскай ССР. У пачатку 1990-х яны абвясьцілі незалежнасьць, якую Грузія не прызнала. У 2008 годзе пасьля «пяцідзённай вайны» з Грузіяй Расея разьмясьціла на тэрыторыі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі свае войскі і прызнала іх незалежнасьць. Грузія лічыць гэтыя тэрыторыі акупаванымі Расеяй, і абвінавачвае Расею ў парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны.
  • Асноўнае рашэньне ЭСПЧ па справе было вынесенае ў 2021 годзе. Тады суд пастанавіў, што Расея ў 2008 годзе падчас ваеннага канфлікту з Грузіяй і пасьля яго парушыла шэраг базавых правоў чалавека, у тым ліку права на жыцьцё, забарону катаваньняў, права на свабоду і бясьпеку, права на абарону асабістага і сямейнага жыцьця, абарону ўласнасьці і гэтак далей. Пры гэтым суд не задаволіў адно з асноўных патрабаваньняў грузінскага боку, адмовіўшыся прызнаць эфэктыўны кантроль Расеі над Паўднёвай Асэтыяй і Абхазіяй у пэрыяд з 8 па 12 жніўня 2008 году – у «гарачую» фазу вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG