Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быў патрыётам Пінску, з блізкіх родных меў толькі сястру. Што вядома пра Мікалая Клімовіча, які памёр у віцебскай калёніі


Мікалай Клімовіч. Архіўнае фота
Мікалай Клімовіч. Архіўнае фота

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 7 траўня ў калёніі «Віцьба-3» памёр палітвязень Мікалай Клімовіч зь Пінску. Яго асудзілі за карыкатуру на Аляксандра Лукашэнка. Што вядома на гэты момант.

Судзілі за тое, што паставіў рэакцыю «сьмешна» пад карыкатурай на Лукашэнку

Мікалай Клімовіч меў псэўданім «Мікалай Верасень». Пад гэтым псэўданімам ён пісаў у шэрагу сацыяльных сетак. Большасьць апошніх допісаў у «Аднаклясьніках» і Facebook да ягонага арышту былі ў падтрымку Ўкраіны.

У «Аднаклясьніках» у яго быў статус «Украіна, трымайся, Беларусь з вамі! Слава Ўкраіне, жыве Беларусь!».

«Вясна» піша, што ў 61-гадовага Мікалая Клімовіча была інваліднасьць у сувязі з хваробай сэрца; ён перанёс інсульт і складаную апэрацыю на сэрцы. У лютым 2023 году пінскі судзьдзя Андрэй Бычыла вырашыў, што Мікалай Клімовіч вінаваты ў «абразе Лукашэнкі» і пакараў яго годам зьняволеньня. «Абраза Лукашэнкі» — гэта смайлік у «Аднаклясьніках» пад карыкатурай Лукашэнкі. За кратамі жыхар Пінску вытрымаў каля двух месяцаў.

Перад судом Мікалай Клімовіч выказаўся журналістам «Позірку», што ня вытрымае зьняволеньня. «Любое турэмнае зьняволеньне для мяне — гэта сьмерць, таму што я павінны быць пад сталым наглядам лекара, прымаць вялікую колькасьць моцных лекаў. Я магу ня вытрымаць нават месяца», — казаў жыхар Пінску.

«Судзьдзя сам страціў маладую жонку праз хваробу, а так абышоўся зь Мікалаем!»

Алена Шымоліна ўзначальвала ў Пінску дабрачынную арганізацыю «Палеская дабрыня». Яна была знаёмая зь Мікалаем Клімовічам.

«Гэта быў вельмі самотны чалавек, ціхі, спакойны, сьціплы. Ён жыў адзін, працаваць ня мог, бо меў праблемы са зрокам, сэрцам, перанёс інсульт. Ён ледзьве зводзіў канцы з канцамі, меў маленькую пэнсію», — кажа Алена.

Мікалай Клімовіч і Алена Шымоліна ў Пінску. Архіўнае фота
Мікалай Клімовіч і Алена Шымоліна ў Пінску. Архіўнае фота

Суразмоўца дадае, што ўсе пінскія актывісты, якія ведалі Мікалая, цяпер у шоку ад таго, што адбылося.

«Мікалай адчуваў, што ён не перажыве зьняволеньня. Ён адкрыта пра гэта гаварыў. Адвакат на судзе прадставіў усе мэдыцынскія дакумэнты, што Клімовіч ня можа быць за кратамі з такім пералікам хвароб! Можна ж было абмежавацца „хатняй хіміяй“. Але не — судзьдзя вынес суровы прысуд. Хоць сам судзьдзя, Андрэй Бычыла, страціў маладую жонку. Яна памерла ад анкалёгіі. Ён мог разумець, усьведамляць, да чаго прывядзе турма для Мікалая», — лічыць Алена.

Яна дадала, што мяркуе, што такі прысуд для Мікалая — «гэта мэтанакіраванае зьнішчэньне чалавека, яго адправілі проста на сьмерць, на верную гібель».

«Мікалай мусіў быць пад кантролем лекараў, прымаць шмат прэпаратаў. Але, наколькі я ведаю, не было нават каму перадачы яму насіць, не было асаблівай падтрымкі», — кажа Алена.

Мікалай Клімовіч, 2012
Мікалай Клімовіч, 2012

«І судзьдзя вынес такі суровы вырак, і пракурор так шмат запатрабаваў, і абласны суд у Берасьці пакінуў прысуд у сіле. Так людзі на ўсіх ступеньках, ва ўсіх сфэрах неяк аскацініліся. Бо разбураныя грамадзкія інстытуты, разгромленыя НДА ў Беларусі. Таму няма каму і сачыць за ўсім гэтым, рэагаваць. Пра гэта трэба не проста пісаць — крычаць!» — лічыць Алена.

«Меў прадэмакратычныя погляды, быў патрыётам Пінску»

Як стала вядома Свабодзе, Мікалай ня меў жонкі і дзяцей, у яго засталіся сястра і іншыя сваякі. Да арышту ён жыў сьціпла, ня мог уладкавацца на сталую працу. Журналіст і пісьменьнік Аляксей Дзікавіцкі ў камэнтары Свабодзе расказаў, што быў знаёмы зь Мікалаем Клімовічам зь сярэдзіны 90-х.

«Мікалай браў удзел у розных мерапрыемствах дэмакратычнага руху, праваабаронцаў. Крыху пісаў. Выглядала на тое, што яму цяжка знайсьці стабільную працу, затрымацца недзе даўжэй. Гэта быў чалавек у нейкім сэнсе „не ад гэтага сьвету“, малапрактычны, бадай. Але ён меў цьвёрдыя прадэмакратычныя перакананьні, быў патрыётам нашага роднага гораду», — зазначыў журналіст.

У сьнежні 2022 году Мікалай Клімовіч атрымаў «суткі» за карыкатуру на Пуціна. За рэакцыю на карыкатуру пра Лукашэнку яго пакаралі годам за кратамі.

У ліпені 2020 году, перад выбарамі, Мікалай трапіў у псыхіятрычны шпіталь.

«Мяне закрылі за тое, што я незалежны блогер. У сваіх допісах я асьвятляю палітычныя падзеі і сацыяльныя праблемы Пінску. За гэта ўжо атрымліваў вусныя заўвагі ад супрацоўнікаў ідэалёгіі. Мяне ізалявалі, каб не асьвятляў рэальных падзей, якія адбываюцца ў нашым горадзе», — так тлумачыў пасьля выхаду са шпіталя Мікалай журналістам «Першага рэгіёну».

Гэта ня першая сьмерць палітвязьня ў калёніі. 21 траўня 2021 году пры нявысьветленых абставінах у калёніі ў Шклове загінуў Вітольд Ашурак. Па рашэньні суду ў Лідзе ён атрымаў 5 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у пратэстах пасьля выбараў у жніўні 2020 году. У сьмерці Вітольда Ашурка ўлада не знайшла вінаватых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG