Паводле расейскага МЗС, гэтая падзея «зьяўляецца чарговай праявай таго сыстэмнага падыходу да ліквідацыі ідэалягічных апанэнтаў, які актыўна насаджаўся ва Ўкраіне з 2014 году намаганьнямі Вашынгтону».
Расейскія дыпляматы назвалі «вэтэранам баявых дзеяньняў у ЛНР» Аляксандра Шубіна, які быў за стырном і загінуў у аўтамабілі Прылепіна.
6 траўня ў Ніжнім Ноўгарадзе ўзарваўся аўтамабіль Audi Q7, у якім знаходзіўся расейскі пісьменьнік, прапагандыст і ваяўнік Захар Прылепін. Ад выбуху машыны загінуў кіроўца па мянушцы «Злы», сам Прылепін паранены. Інфармацыя пра ягоны стан супярэчлівая.
Расейскае выданьне «Верстка» піша, што пазыўны «Злы» насіў 27-гадовы ўраджэнец Луганску Аляксандр Шубін. Паводле базы «Міратворац», з пачатку сэпаратысцкага руху на Данбасе ў 2014 годзе Шубін быў шараговым у батальёне, дзе намесьнікам камандзіра быў Прылепін.
Расейскі блогер Сямён Пегаў напісаў, што забіты кіроўца быў адным з 33 «вагнэраўцаў», якіх затрымлівалі ў Беларусі ў 2020 годзе.
У Ніжагародзкай вобласьці Расеі «па гарачых сьлядах» затрымалі мужчыну, які можа быць датычны да выбуху, заявіла прадстаўніца Міністэрства ўнутраных спраў Расеі Ірына Воўк. Пазьней агенцтва ТАСС паведаміла, што затрыманы 1993 году нараджэньня і ўжо судзімы. У сваім Тэлеграм-канале ТАСС са спасылкай на расейских сілавікоў называе затрыманага ўраджэнцам Украіны. А Сьледчы камітэт Расеі заявіў, што затрыманы працаваў на Службу бясьпекі Ўкраіны.