5 траўня пачалі паступаць паведамленьні, што на мяжы з Расеяй зь беларускага боку ставяць нешта накшталт кантрольных пунктаў.
«На выезьдзе з РБ праз Добруш ставяць нейкія КПП у выглядзе церамкоў. Працуюць памежнікі», — такое паведамленьне заўважыла выданьне «Флагшток» у адным з рэгіянальных чатаў.
Як паведаміў «Зеркалу» чытач, падобнае адбываецца і на трасе М-1 ля мяжы: там каля страхавых кіёскаў увечары 4 траўня пачалі работы і ўжо паставілі памежны пункт: пара вагончыкаў для памежнікаў, чатыры шлягбаўмы, загараджальную стужку з шыпамі.
У Памежным камітэце выданьню «Зеркало» пацьвердзілі, што, «згодна з заканадаўствам аб органах памежнай службы», цяпер будуць правяраць дакумэнты на ўсіх асноўных уездах з Расеі ў Беларусь.
«Гэта ў рамках выкананьня ратыфікацыйнага пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў з Расеяй», — заявіў прадстаўнік Памежнага камітэту.
Паводле яго, гэта павінна быць часова, але калі скончыцца кантроль, невядома. «Да асобнага распараджэньня», — дадаў ён.
У тэлеграм-каналах паведамляюць, што на мяжы ўжо зьявіліся чэргі. Паводле інфармацыі канала «Слухи Витебска», КПП зьявіўся і на трасе паміж Лёзнам і Рудняй, да яго выстраілася чарга на некалькі кілямэтраў да вёскі Круглоўка. Асабліва пільна правяраюць расейцаў.
Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» паведамляе, што ў чатах пішуць пра вялікую чаргу на трасе М-1: кантроль, па словах карыстальнікаў, вядзецца ўжо каля трох гадзін, «усіх выганяюць з машын, абшукваюць і запісваюць дакумэнты».
Пагадненьне аб прызнаньні візаў пакуль ня дзейнічае
Пагадненьне паміж урадамі Расеі і Беларусі аб узаемным прызнаньні візаў падпісалі ў чэрвені 2020 году. Палата прадстаўнікоў Беларусі яго ратыфікавала восеньню 2020 году, у Расеі яго ратыфікавалі толькі 17 студзеня 2023 году.
Амбасада Беларусі ў ЗША 5 траўня 2023 году паведаміла:
«У цяперашні час бакамі выконваюцца ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па Пагадненьню, завяршэньне якіх прадугледжваецца да пачатку 2024 года.
Такім чынам, на сёньняшні дзень Пагадненьне не працуе і замежныя грамадзяне, якія маюць намер наведаць як Рэспубліку Беларусь, так і Расейскую Фэдэрацыю, па-ранейшаму павінны загадзя зьвярнуцца ў консульскія ўстановы абедзьвюх дзяржаў па атрыманьне асобных (беларускай і расейскай) візаў».
Паводле пагадненьня, бакі прызнаюць візы і іншыя дакумэнты, якія даюць права на ўезд і знаходжаньне на тэрыторыі Расеі і Беларусі, а таксама адзнакі аб перасячэньні зьнешняй мяжы так званай саюзнай дзяржавы.
Як вынікае з пагадненьня, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства маюць права заяжджаць, выяжджаць, знаходзіцца, перасоўвацца транзытам па тэрыторыі Расеі і Беларусі, маючы візы толькі адной зь дзяржаў, а таксама дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць асобу.
Бакі вызначаюць умовы такіх паездак замежнікаў і парадак дзеяньняў, уключна з абменам інфармацыяй.