Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ў 21 горадзе адмянілі парады на 9 траўня. У Беларусі будуць шэсьці і салют


Дэкарацыі да 9 траўня ў Менску, Беларусь. Архіўнае фота
Дэкарацыі да 9 траўня ў Менску, Беларусь. Архіўнае фота

Сама меней у 21 горадзе Расеі адмянілі парады на 9 траўня. У Беларусі ж ад ўрачыстасьяў не адмаўляюцца. Як паведамілі менскія ўлады, салют у Менску «дадуць з шасьці агнявых пазыцый».

У Расеі ў шэрагу гарадоў адмаўляюцца ад ўрачыстых імпрэз на 9 траўня. Так, парады да Дня Перамогі адмянілі сама меней у 21 горадзе Расеі, падлічыла выданьне «Вёрстка».

У прыватнасьці, сярод тых, хто адмовіўся ад парадаў «зь меркаваньняў бясьпекі», Калуга, Разань, Арол, Саратаў, Ліпецк, Ялец і Цюмень.

Адмену парадаў у Пскове і Вялікіх Луках абгрунтавалі нібыта клопатам аб псыхалягічным стане расейскіх салдатаў, якія пасьля вайны супраць Украіны прыяжджаюць на рэабілітацыю ў рэгіён і гукі фаервэркаў «ўспрымаюць зусім інакш».

У Курску парад вырашылі не праводзіць, «улічваючы бягучую сытуацыю», піша «Вёрстка», а ў Белгарадзе — «каб не правакаваць суперніка вялікай колькасьцю тэхнікі і вайскоўцаў» у цэнтры гораду.

У Бранску, Краснадары і Сочы вырашыла не тлумачыць адмену парадаў — проста паставіла жыхароў перад фактам, што ў 2023 годзе іх не будзе.

Прызначаны Крамлём кіраўнік акупаванага Расеяй Крыму Сяргей Аксёнаў таксама паведаміў аб адмене дэманстрацыі на 1 траўня, шэсьцях «Несьмяротнага палка» і параду 9 траўня. Гэтае рашэньне ён растлумачыў меркаваньнямі бясьпекі. Пазьней і падкантрольны Расеі кіраўнік Севастопаля Міхаіл Разважаеў заявіў аб адмене вайсковага параду на 9 траўня ў горадзе.

Улады прымежных з Украінай расейскіх рэгіёнаў — Курскай, Белгарадзкай і Бранскай абласьцей — рэгулярна заяўляюць аб абстрэлах тэрыторый гэтых рэгіёнаў і сьцьвярджаюць, што атакі вядуцца з украінскага боку. Кіеў гэтых паведамленьняў не камэнтуе.

А як у Беларусі

У Менску на Дзень Прамогі парады праводзяць толькі ў юбілейныя гады, у іншыя ў цэнтры Менску праходзяць шэсьці, ускладаньне вянкоў на плошчы Перамогі, канцэрты і салют. Такая праграма заплянаваная і сёлета.

Сьвяточныя пляцоўкі па ўсёй Беларусі будуць кантраляваць сілавікі, іх будуць аглядаць сапэрна-піратэхнічныя групы, абсталёўваць КПП і выхады для эвакуацыі. Грамадзян будуць прапускаць толькі пасьля асабістага надгляду і праверкі рэчаў, якія знаходзяцца пры іх, расказаў намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Беларусі Сяргей Мірончык.

Салют у Менску 9 траўня дадуць з шасьці агнявых пазыцый, паведаміла начальніца ўпраўленьня ідэалягічнай работы Менскага гарвыканкаму Вольга Чамаданава, перадае БелТА.

«Гэта паркі імя Янкі Купалы, імя Паўлава, імя Уга Чавэса, на набярэжнай у мікрараёне Дразды, пляцоўка каля культурна-спартовага комплексу „Чыжоўка-Арэна“ і каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі», — пералічыла Чамаданава месцы правядзеньня фаервэркаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG