У судзе Маскоўскага раёну Менску 3 траўня судзяць праграміста і адміністратара тэлеграм-чату «Па-беларуску» Андрэя Філіпчыка. Яго вінавацяць у «актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).
Справу разглядае судзьдзя Лідзія Цяліца, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Палітзьняволенага Андрэя Філіпчыка супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі 31 студзеня, а 2 лютага зьявілася відэа, у якім ён кажа, што ўдзельнічаў «у несанкцыянаваных масавых акцыях ня менш за пяць разоў». Да суду Філіпчыка зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску.
У яго дома знайшлі бел-чырвона-белы сьцяг, герб «Пагоня» і іншыя рэчы з нацыянальнай сымболікай. Прадстаўнікі сілавікоў акцэнтавалі ўвагу, што ў Філіпчыка ёсьць «карта паляка». Яе таксама паказалі на відэа.
Тэлеграм-канал «Па-беларуску» публікуе жарты і мэмы на беларускай мове. Сілавікі пішуць, што на канале нібыта «прасоўваліся лацінка і нянавісьць да расейскамоўнай сацыякультурнай прасторы».