Ва Ўзбэкістане прынялі пакет канстытуцыйных паправак на рэфэрэндуме, так гавораць папярэднія афіцыйныя зьвесткі 1 траўня. Папраўкі дазволяць прэзыдэнту Шаўкату Мірзіёеву балятавацца яшчэ на два сямігадовыя тэрміны, калі яго цяперашні тэрмін скончыцца ў 2026 годзе. Гэта значыць, што ён зможа заставацца ва ўладзе да 2040 году.
65-гадовы Мірзіёеў значна палепшыў сувязі з Захадам і абмежаваў паўнамоцтвы службаў бясьпекі, дамінаваньне якіх у папярэднія дзесяцігодзьдзі ператварыла 35-мільённую краіну ў паліцэйскую дзяржаву, піша Reuters.
Хоць заходнія партнэры Ташкенту наўрад ці ўхваляць пашырэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, Узбэкістан мала рызыкуе, улічваючы, што Захад шукае падтрымкі ў былых савецкіх краінах у сваіх намаганьнях ізаляваць Расею з-за вайны ва Ўкраіне.
Канстытуцыя Ўзбэкістану прынята 8 сьнежня 1992 году на сэсіі Вярхоўнага Савету рэспублікі. За мінулы час у Асноўны закон краіны папраўкі ўносілі 15 разоў.
З ініцыятывай унесьці зьмены ў Канстытуцыю краіны Мірзіёеў выступіў яшчэ ў сьнежні 2021 году. Але тады яго правядзеньню зашкодзілі пратэсты ў аўтаномнай рэспубліцы Каракалпакстан. У новай вэрсіі Канстытуцыі, якая прапаноўвалася тады, плянавалася значна абмежаваць аўтаномію рэспублікі і пазбавіць яе права выхаду са складу Ўзбэкістану.
У ліпені 2022 году ў сталіцы Каракалпакстану Нукусе і ваколіцах прайшлі шматлікія акцыі пратэсту. Улады жорстка падаўлялі іх. Па афіцыйных дадзеных, падчас пратэстаў загінулі 18 чалавек, больш за 240 пацярпелі, звыш 500 затрымалі. У выніку Мірзіёеў прапанаваў захаваць аўтаномію Каракалпакстану.
Паводле новай Канстытуцыі, Узбэкістан абвяшчаецца сацыяльнай, прававой і сьвецкай дзяржавай. Раней гэтых паняцьцяў у Асноўным законе краіны не было. Колькасьць членаў Сэнату скарочана са 100 да 65 чалавек. Сьмяротнае пакараньне забараняецца.
У новай рэдакцыі дакумэнту прапісаны абавязак дзяржавы забясьпечваць грамадзянам мінімальную зарплату, жыльлё і мэдыцынскую дапамогу, а таксама доступ у інтэрнэт.