Як паведамляе БАЖ, у Камітэт правоў чалавека ААН праз сваіх прававых адвакатаў колькі часу таму зьвярталіся Тацяна Смоткіна, Зьміцер Лупач, Тамара Шчапёткіна і Ларыса Шчыракова.
Сутнасьць іх скаргі палягала ў тым, што ўлады Беларусі парушылі правы журналістаў на свабоду выказваньня думкі. Улады прыцягнулі гэтых журналістаў да адказнасьці і наклалі на ўсіх адміністрацыйныя штрафы быццам за распаўсюд прадукцыі СМІ без адпаведнай акрэдытацыі.
14 сакавіка 2023 году Камітэт ААН разгледзеў іх скаргі па сутнасьці.
У Камітэце ААН адзначылі, што частка трэцяя артыкулу 19 Пакту дазваляе абмежаваньні свабоды выказваньня думак, у тым ліку свабоды выказваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі толькі ў той ступені, у якой гэта прадугледжана законам, і толькі калі яны неабходныя для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў; або для абароны нацыянальнай бясьпекі або грамадзкага парадку, або здароўя і маральнасьці насельніцтва.
Камітэт ААН прапанаваў удадам Беларусі давесьці, што абмежаваньні правоў журналістаў у адпаведнасьці з артыкулам 19 Пакту былі неабходнымі і прапарцыянальнымі. На гэта ў ААН атрымалі адказ ад уладаў Беларусі, што ўсе журналісты быццам бы парушылі ўнутрыбеларускі закон «Аб СМІ» і працавалі без акрэдытацыі.
Камітэт ААН зьвярнуў увагу на тое, што ў гэтым выпадку да аўтараў былі прымененыя адміністрацыйныя пакараньні: буйныя штрафы на падставе закону «Аб СМІ», які цягне за сабой забарону ажыцьцяўляць журналісцкую дзейнасьць у Беларусі з далейшай публікацыяй у замежных СМІ без акрэдытацыі ў якасьці прадстаўніка замежных СМІ.
Камітэт правоў чалавека зьвярнуў увагу на артыкул 34 Канстытуцыі Беларусі аб свабодзе слова. Камітэт сьцьвярджае, што агульныя дзяржаўныя сыстэмы рэгістрацыі або ліцэнзаваньня журналістаў несумяшчальныя з часткай 3 артыкулу 19 Пакту, і зрабіў выснову, што правы аўтараў былі парушаныя.
Паводле рашэньня Камітэту ААН, афіцыйны Менск абавязаны кампэнсаваць прызначаныя журналістам штрафы ды аплаты іншых судовых выдаткаў. Беларуская дзяржава таксама абавязаная прыняць усе неабходныя захады для прадухіленьня падобных парушэньняў, якія могуць адбыцца.
Камітэт правоў чалавека спадзяецца атрымаць ад Беларусі на працягу 180 дзён інфармацыю аб прынятых мерах.
Беларускія ўлады звычайна не выконваюць рашэньні Камітэту правоў чалавека ААН.
Справу выйграла і журналістка, якую арыштавалі
Адна з трох аўтараўс каргі цяпер знаходзіцца за кратамі. Супраць былой гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай, якую затрымалі 6 сьнежня, сілавікі распачалі крымінальную справу паводле артыкула 369-1 Крымінальнага кодэксу («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»). Пакараньне — да 4 гадоў пазбаўленьня волі. Вядома, што яе абвінавачваюць за «нейкае інтэрвію», у якім былая журналістка «дыскрэдытавала Беларусь».
Акалічнасьці справы невядомыя, адвакат пад падпіскай аб неразгалошваньні.
16-гадовы сын Шчыраковай Сьвятаслаў трапіў пасьля затрыманьня маці ў прытулак.